Ціханоўская: Абмежаванні не закрануць пасажырскі транспартны рух

Святлана Ціханоўская пракаментавала абмежаванні, якія ўвяла ў дачыненні да аўтамабіляў з Беларусі Латвія і якія могуць таксама ўвесці іншыя суседзі па Еўрасаюзу. Яна паведаміла, што яе каманда знаходзіцца на сувязі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, даводзячы неабходнасць зрабіць выключэнні для беларусаў, якія ўязджаюць у ЕС на сваіх аўтамабілях.

16.07.2024 / 16:46

Рашэнне аб абмежаванні на ўезд беларускіх аўтамабіляў Ціханоўская назвала «паспешлівым і шкодным», якое «ў першую чаргу б’е па людзях, а не па рэжыму Лукашэнкі».

Таму Ціханоўская і Аб'яднаны пераходны кабінет вядуць працу, каб дамагчыся змены гэтага рашэння, і маюць пэўныя поспехі: 

«Сёння мы маем дамоўленасць: абмежаванні не закрануць пасажырскі транспартны рух (аўтобусы, маршруткі і т.п.). Таксама беларусы, якія жывуць у Еўрасаюзе, атрымаюць магчымасць перарэгістраваць свае аўтамабілі на еўрапейскія нумары». 

У той жа час Ціханоўская разумее, што гэтая палёгка ўсё адно не вырашыць праблему мабільнасці беларусаў, і ўпэўненая, што мяжы з Еўрасаюзам павінна быць адкрытая для беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым і бачаць будучыню сваёй краіны ў Еўропе. Таму выказвае рашучасць працягваць надалей бараніць інтарэсы беларусаў.

Дадатковыя тлумачэнні па гэтым пытанні даў у фэйсбуку галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле яго слоў, рашэнні аб абмежаванні на ўезд аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі прымае не МЗС, а найперш мытныя службы ці міністэрства транспарту згодна з дырэктывай Еўрасаюза.

Абмежаванні гэтыя маюць шмат прычын: і кантроль над абыходам санкцый Расіяй, і змяншэнне нагрузкі на памежныя пераходы, і барацьба за галасы выбаршчыкаў, якія выступаюць за жорсткія абмежаваньні, і пытанні бяспекі. Таксама ў Латвіі сцвярджаюць, што расейцы рэгіструюць свае аўтамабілі на беларускія нумары, і гэта дазваляе ім абыходзіць абмежаванні.

У той жа час Вячорка ўпэўнены, што тыя, хто ўводзіў абмежаванні, не пралічвалі палітычных наступстваў — што яны б’юць па праеўрапейскіх настроях беларусаў і запіхваюць Беларусь у адзін кошык з Расіяй. Бо так еўрапейцам прасцей.

Каб гэтую розніцу тлумачыць, акурат вельмі важныя сустрэчы, паездкі, размовы, любая актыўнасць беларусаў. Цяпер каманда Ціханоўскай спрабуе дабіцца выключэнняў, каб беларусы змаглі ўязджаць, выязджаць і перамяшчацца на сваіх аўтамабілях праз мяжу і на тэрыторыі ЕС. Пакуль жа просяць адтэрмінаваць выкананне рашэння ў Польшчы і Літве, а таксама ў Латвіі.

Латвія хоча наогул забараніць машынам з беларускімі нумарамі перасоўвацца па краіне

У Беларусі не будуць рэагаваць на ўвядзенне Латвіяй забароны ўезду для беларускіх аўтамабіляў

Латвія з 16 ліпеня забараняе ўезд машын з беларускімі нумарамі 

Nashaniva.com