Амерыканцы ці расейцы — каго выбраць пры аналізе ДНК?
Паглядзелі, якія вынікі даюць розныя кампаніі па адным і тым жа ДНК-тэсце.
04.08.2024 / 20:07
Скрыншот FamilyTreeDNA
Раней «Наша Ніва» распавядала, як робіцца аўтасомны ДНК-тэст ад ізраільскай кампаніі MyHeritage, якія вынікі ён дае і каму з беларусаў можа быць карысным, а для каго — марнаванне грошай.
Але не адзіным MyHeritage жывуць генеалагічныя даследаванні. Некаторыя сайты дазваляюць экспартаваць ДНК-тэсты іншых лабараторый.
Сярод такіх — FamilyTreeDNA, які лічыцца лідарам у галіне камерцыйных ДНК-тэстаў, і расійскі Genotek. А вось таксама папулярныя сайты 23andMe і Ancestry не даюць такой магчымасці, можна толькі заказаць новы тэст у іх.
Вынікі ДНК-тэста ад MyHeritage можна дадаткова прааналізаваць на сайтах іншых кампаній. Фота: Наша Ніва
Спампаваць і загрузіць на сайты іншых кампаній даныя свайго тэста ад MyHeritage можна ва ўкладцы кіравання камплектамі. Пацвярджэнне са спасылкай прыйдзе на вашую электронную пошту. На сайце паўторна трэба будзе ўвесці свой пароль — кампанія стараецца зберагчы вашыя асабістыя даныя.
Самі даныя ДНК, у адрозненні ад генеалагічнага дрэва, для якога прыдуманы асобны фармат GEDCOM, імпартуюцца ў выглядзе звычайнай эксэлеўскай табліцы.
Як тлумачыцца на сайце, у табліцы кожны радок з'яўляецца асобным АНП (аднануклеатыдны палімарфізм) з 600-700 тысяч, якія прааналізавалі ў лабараторыі MyHeritage. Гэтыя АНП служаць маркерамі для разлікаў вашых вынікаў і супастаўлення з іншымі людзьмі ў базе.
FamilyTreeDNA
Старонка з вынікамі аўтасомнага ДНК-тэста. Скрыншот FamilyTreeDNA
За аналіз тэста ад MyHeritage на амерыканскім FamilyTreeDNA давядзецца зноў заплаціць каля 20 еўра. Аналіз заняў цэлыя суткі. Вынікі сваякоў, праўда, не апраўдалі сябе, найбліжэйшыя меркаваныя родзічы — 3-5-юрадныя браты і сёстры, з якімі я маю ўсяго 34-39 cM агульнай ДНК. Да прыкладу, першыя 25 вынікаў аналагічнай выдачы ў MyHeritage маюць большую агульную ДНК, а з Наталляй у нас увогуле супадае 84,9 cM.
Выдача меркаваных сваякоў, з якімі ў нас супалі сегменты ДНК. Скрыншот FamilyTreeDNA
У выдачы таксама пазначана, да якіх гаплагруп належыць чалавек, калі ён здаваў ДНК-тэсты па Y-храмасоме і мтДНК. Гаплагрупы аб’ядноўваюць нашчадкаў аднаго чалавека, у геноме якога адбылася мутацыя. Але мне няма з чым параўнаць, бо мой ДНК-тэст зроблены па аўтасомах, а не па палавых храмасомах.
Дрэва гаплагруп можна паглядзець на сайце ў раздзеле Public Haplotrees, там жа ў слупку прыведзены краіны, з якіх паходзіў самы даўні вядомы продак тых, хто адносіцца да той ці іншай гаплагрупы.
У FamilyTreeDNA таксама можна імпартаваць сваё генеалагічнае дрэва з MyHeritage, чым я і скарыстаўся ў надзеі на супадзенне з кімсьці прозвішчаў продкаў. Але безвынікова. Нягледзячы на магчымасць імпарту, уласныя дрэвы на сайце мае меншасць тых, хто зрабіў тэсты.
Этнічнае паходжанне паводле ДНК. Скрыншот FamilyTreeDNA
На сайце ёсць аналаг этнічных картаў myOrigins, які дае вельмі падобныя, але між тым іншыя вынікі. Тут ужо не саромеюцца даваць больш канкрэтную этнічную прывязку.
На 31% я аказаўся балтам, на 40% заходнім славянінам і толькі на 22% усходнім славянінам, таксама адшукалася 7% супадзення з венграмі-мадзьярамі. Можна параўнаць сваё паходжанне з тымі людзьмі, з якімі ў вас супалі фрагменты ДНК.
У раздзеле Chromosome Painter можна паглядзець, якія з фрагментаў вашага ДНК былі асацыяваныя з тым ці іншым этнасам. Скрыншот FamilyTreeDNA
Дарэчы яшчэ ў раздзеле Chromosome Painter можна больш дакладна паглядзець якія з фрагментаў вашага ДНК былі асацыяваныя з тым ці іншым этнасам. Інфармацыя нават нейкая звышдэтальная, але як яе прымяняць — незразумела.
Параўнанне агульных фрагментаў ДНК паміж некалькімі меркаванымі сваякамі. Паміж гэтымі трыма нічога не супала. Скрыншот FamilyTreeDNA
Ва ўкладцы Chromosome Browser ёсць магчымасць параўнаць і агульныя фрагменты ДНК паміж некалькімі людзьмі з ліку вашых меркаваных сваякоў.
FamilyTreeDNA таксама ўмее паказваць кластары ва ўкладцы Family Finder Matrix, але, на жаль, не аўтаматычна і толькі для 10 асоб, якіх вам трэба выбраць са спісу сваіх меркаваных сваякоў.
Ад якіх старажытных еўрапейцаў паходзяць вашыя продкі. Скрыншот FamilyTreeDNA
Самая забаўная прымочка, на мой густ, гэта Ancient European Origins, якая паказвае да якіх старажытных груп людзей, што засялілі Еўропу, належаць вашыя продкі. Пры тым гэтыя даныя прывязаныя да археалагічных помнікаў, стрэлкамі паказаныя шляхі міграцыі і даецца даведка пра лад жыцця і лёс кожнай з груп. Нееўрапейскіх продкаў у мяне не знайшлося ўвогуле.
Можна паглядзець адкуль і калі прыйшлі тыя ці іншыя старажытныя продкі ў Еўропу. Скрыншот FamilyTreeDNA
Найбольш, аж 48%, выявілася генаў паляўнічых-збіральнікаў, які праз Малую Азію перасяліліся ў Еўропу каля 45 000 гадоў таму, калі адступілі ледавікі. Далей ідзе 33% генаў ад земляробаў, якія прыйшлі тым жа шляхам прыкладна 8000—7000 гадоў таму, пасля апошняга перыяду зледзянення, і прынеслі ў Еўропу новы каменны век, земляробства, жывёлагадоўлю ды рамесніцтва. Нарэшце 19% генаў дасталіся мне ад заваёўнікаў металічнага веку, які прыйшлі 4000 гадоў таму з Усходняга Прычарнамор’я, прынёсшы ў Еўропу прыручаных коней, кола і металічныя прылады працы. Ад іх жа нам дасталася талерантнасць да лактозы.
Звесткі пра гаплагрупу. Скрыншот FamilyTreeDNA
У раздзеле FamilyTreeDNA Discover можна паглядзець больш інфы пра кожную з гаплагруп. Я ўвёў гаплагрупу R-Z92, пра якую распавяду трошкі ніжэй.
Пакручасты шлях продкаў да Еўропы і змяненне гаплагрупы па ходзе вялікага падарожжа. Скрыншот FamilyTreeDNA
Вельмі цікавая карта, якая паказвае, як з часам і міграцыяй адбываліся мутацыі і з’яўляліся новыя гаплагрупы аж да тваёй. Тут жа ёсць інфармацыя пра тое, якія археалагічныя помнікі звязаныя з вашай гаплагрупай.
Калі R-Z92 — гэта мая сапраўдная гаплагрупа, то наш агульны продак з Толкіным і Пушкіным жыў 2200 г. да н.э., сцвярджае FamilyTreeDNA.
Мой з прафесарам Толкіным агульны продак жыў 2200 г. да н.э. Скрыншот FamilyTreeDNA
У сэрвісе Advanced Matches можна ўдакладніць пошук сярод вашых супадзенняў. ДНК-тэстаў па Y-храмасоме і мтДНК у мяне няма, але цікавай аказалася функцыя пошуку X-Match. Гэта супадзенні па X-храмасоме. У адрозненні ад мітахандрыяльнай ДНК, якая перадаецца толькі ад маці, X-храмасома перадаецца больш складана. Жанчына атрымлівае адзіную X-храмасому бацькі, а таксама яшчэ адну X-храмасому ад маці, якая з’яўляецца як бы спалучэннем дзвюх Х-храмасом. Мужчына ж атрымлівае толькі адну X-храмасому ад маці.
Выяўлены сваяк па X-храмасоме выклікаў шмат пытанняў да нераскрытых магчымасцей ДНК-тэстаў. Скрыншот FamilyTreeDNA
Дыяграмы наследавання X-храмасомы жанчынамі і мужчынамі. Гэткімі хітрыкамі можна карыстацца, каб пашырыць ці звузіць свае пошукі. Для мне пошук па гэтай храмасоме азначае, што выяўлены сваяк будзе дакладна прымыкаць з боку маці
Гэта з аднаго боку вельмі пашырае колькасць сваякоў, якіх можна выявіць па X-храмасоме, а з іншага, паколькі я мужчына — усе яны будуць сваякамі з боку маці, што значна звужае пошук агульных продкаў.
Па X-Match удалося атрымаць адно супадзенне. Продкі Анатоля яшчэ ў 18 стагоддзі жылі ў раёне, адкуль паходзіць мая бабка па маці, але прозвішча яго мне незнаёмае. Генеалагічнага дрэва на сайце няма, але я напісаў яму на емэйл.
Прапанова самага глыбокага з магчымых тэстаў па Y-храмасоме. Скрыншот FamilyTreeDNA
Гэта ўсе магчымасці, якія дае аналіз аўтасомнага ДНК-тэста на сайце FamilyTreeDNA. Далей кампанія прапануе заказаць у яе больш глыбокія тэсты. Праўда, цэны кусаюцца: за стандартны ДНК-тэст па Y-храмасоме на FamilyTreeDNA просяць 119 даляраў, а з дастаўкай будзе яшчэ на пару дзясяткаў даражэй. А за самы глыбокі тэст увогуле просяць 449 даляраў. Праўда, ён пакажа вам настолькі далёкіх сваякоў, што сам сэнс іх пошуку губляецца.
Па мітахандрыяльнай ДНК (гэта значыць па жаночай лініі ва ўсіх пакаленнях) існуе толькі адзін тэст за 159 даляраў. Магчыма, такая розніца ў выбары звязаная з тым, што мтДНК значна карацейшай і хутчэй муціруе за ДНК ядра клеткі — у ёй проста няма куды разагнацца «ўглыб».
Genotek
Старонка з вынікамі аўтасомнага ДНК-тэста. Скрыншот Genotek
Яшчэ адной надзеяй быў расійскі Genotek, які сёння на фоне санкцый супраць расіян і беларусаў, якія не могуць заказаць іншыя тэсты з-за мяжы, стаў ледзь не адзінай магчымасцю зрабіць ДНК-даследаванне. Лагічна было лічыць, што тыя меркаваныя сваякі, які знойдуцца праз Genotek, амаль не будуць перасякацца з вынікамі, якія далі MyHeritage і FamilyTreeDNA. Былі чаканні новых незвычайных знаходак.
Першая праблема, з якой давялося сутыкнуцца — на сайце з быццам прыгожым дызайнам не так проста адшукаць, дзе імпартаваць свой тэст ДНК. Пасля яго загрузкі таксама каля сутак доўжыўся аналіз даных.
Расійскі Genotek лічыць, што я — 100-працэнтны ўкраінец. У мяне ёсць прычыны ў гэтым сумнявацца. Скрыншот Genotek
Нарэшце атрыманы вынік вельмі здзівіў. Сайт заявіў, што я на 100% украінец, хоць ні пра якіх продкаў з Украіны мне не вядома.
На паверку аказалася не ўсё так адназначна. Аказалася, што маё ДНК на 95% супадае з ДНК людзей з Крыма і Варонежскай вобласці Расіі, на 85% з людзьмі з Цэнтральнай Украіны, і на 75% з Беларусі і Заходняй Украіны. Зразумела, ніякіх балцкіх ці заходнеславянскіх каранёў не паказала, як на іншых сайтах, бо тыя проста не карыстаюцца расійскім сайтам.
Мой геном адносна «эталонных» прадстаўнікоў найбольш блізкіх народнасцей. Я дзесьці на ўскрайку беларусаў, украінцаў і рускіх. Скрыншот Genotek
Ва ўкладцы «Навуковыя даныя» тлумачыцца, як атрымліваюцца такія вынікі. Як атрымаўся 100-працэнтны ўкраінец — загадка, бо на прыкладзеным графіку з «эталоннымі» прадстаўнікамі народнасцей мая кропка на ўскраіне ад беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, з кожным з якіх магу атаясамляцца.
Але такія гучныя заявы пра этнічную прыналежнасць пакінулі непрыемнае ўражанне аб якасці аналізу на сайце. Вось чаму заходнія сайты даюць этнічнае паходжанне ў выглядзе максімальна шырокіх груп.
Выдача меркаваных сваякоў, з якімі ў нас супалі сегменты ДНК. Скрыншот Genotek
Сваякоў чакана адшукалася менш, усяго каля 1200 чалавек. Найбліжэй аказалася чацвераюрадная цётка Ірына, з якой у нас 32 сМ агульнай ДНК, то-бок яшчэ менш, чым у верхніх выніках ад FamilyTreeDNA.
Навуковыя даныя па супадзенні ДНК з меркаванай сваячкай. Скрыншот Genotek
Што зручна — адразу можна паглядзець схему, хто мог быць нашым агульным продкам — прапрапрапродак, які жыў дзесьці паміж 1836 і 1916 гадамі.
Дрэва меркаванай сваячкі. На жаль, яно занадта малое і большасць людзей схаваныя ў ім наладамі прыватнасці. Скрыншот Genotek
Часткова даступна дрэва чалавека, а таксама паказваецца, якія прозвішчы сустракаюцца ў дрэве чалавека. Калі ёсць супадзенні па прозвішчы, то можна ў адзін клік перайсці на параўнанне вашых дрэваў у месцы, дзе гэтыя прозвішчы сустракаюцца. У мяне адшукалася толькі адно супадзенне, але з галіны, пра якую я маю мала звестак, каб нешта пацвердзіць.
Пошук па агульных меркаваных сваяках. Скрыншот Genotek
Genotek дае магчымасць паглядзець агульныя з кімсьці супадзенні. Калі вы здолелі пацвердзіць з кімсьці сваяцтва, то вашы агульныя супадзенні амаль дакладна будуць з вамі ў сваяцтве.
Genotek нейкім чынам здолеў выцягнуць з даных ад MyHeritage гаплагрупу па Y-храмасоме. Скрыншот Genotek
Але самае цікавае, што па аўтасомным тэксце ДНК у Genotek неяк змаглі вылічыць маю гаплагрупу па мужчынскай лініі — R1a-Z92 (R1a1a1b1a2a).
Прычына здзіўлення ў тым, што гаплагрупа вызначаецца не па аўтасомах, а па палавых храмасомах, у гэтым выпадку па Y-храмасоме. На MyHeritage магчымасць вызначэння гаплагрупы адсутнічае як від, а FamilyTreeDNA папярэджвае пры загрузцы даных, што таксама не зможа вызначыць яе па тэсту ад MyHeritage. А Genotek быццам бы можа, але як — не тлумачыцца.
Гэтыя звесткі выглядаюць вельмі ненадзейнымі. А з іншага боку FamilyTreeDNA неяк здолела адшукаць супадзенне па X-Match, па палавой X-храмасоме…
Давялося заглянуць у файл з зыходнымі данымі тэста, каб адшукаць, што палавыя X і Y-храмасомы ў ім сапраўды ёсць. У сваіх сацсетках Genotek тлумачыць, што даных MyHeritage часцяком недастаткова для вызначэння гаплагруп.
А вось па мтДНК гаплагрупу вызначыць не змог Genotek — гэта і зразумела, яна захоўваецца не ў ядры, як іншая ДНК, а ў мітахондрыях, у файле з зыходнымі данымі тэста пра яе зусім нічога няма.
Калі ўсё ж даверыцца Genotek і трохі пагугліць, то галіну Z92 звязваюць (хоць генетыкі вельмі не любяць правядзенне такіх паралеляў) з усходнімі балтамі, яна з’яўляецца адной з галоўных ліній беларусаў, рускіх і літоўцаў, але рэдка сустракаецца ў заходніх і паўднёвых славян. Калі паглядзець гістарычны арэал усходніх балтаў, то яны як раз жылі на поўдзень ад Масквы і аж да самага ўзбярэжжа Балтыкі.
Наш агульны з Караваджа і Баракам Абамам продак жыў 88 000 гадоў таму. Скрыншот Genotek
Каля 4 800 гадоў таму продкі дабраліся да Беларусі, а маглі б пайсці туды, дзе клімат лепшы. Скрыншот Genotek
У Genotek таксама ёсць прыгожая карта, на якой паказана, як продкі выходзілі з Афрыкі ў Еўропы з маркерамі часу на важных падзеях. Напрыклад, сцвярджаецца, што 88 000 гадоў таму мой продак па мужчынскай лініі перайшоў Баб-эль-Мандэбскі праліў, які вядзе ў Азію. Тады ж нарадзіўся наш агульны продак з Баракам Абамам і Караваджа. Шлях пасля доўгіх бадзянняў па Азіі абрываецца 4 600 гадоў таму недзе ў раёне Валыні.
Паводле колькасці мутацый, якія дасталіся ад неандэртальцаў, нічым не адрозніваюся ад абсалютнай большасці людзей. Скрыншот Genotek
У асобным раздзеле можна паглядзець, як шмат мутацый дасталася вам ад неандэртальцаў і што яны вам даюць. Асабіста я нічым паводле тэста не адрозніваюся ад абсалютнай большасці людзей у гэтым плане.
У некаторых людзей неандэртальская ДНК адказаная за меншы рост і павышаную згусальнасць крыві, а ў некаторых мужчын неандэртальская ДНК зніжае верагоднасць раку прастаты. У час пандэміі таксама выявілі, што неандэртальскія гены зніжаюць цяжкасць COVID-19.
Таксама неандэртальская спадчына ў вашым ДНК тэарэтычна можа ўплываць на форму чэрапа, колер вачэй і волас, а таксама адчувальнасць да сонца. Але, напрыклад, меркаванне, што руды колер валасоў і рабацінне дасталіся нам ад неандэртальцаў, было абвергнута навукай.
Genotek прапануе апгрэйд тэста, каб даведацца пра рызыкі захворванняў. Скрыншот Genotek
На гэтым уласна ўсе базавыя фішкі Genotek канчаюцца. Кампанія прапануе яшчэ цэлы шэраг дадатковых платных паслуг, якія дазволяць выявіць па ДНК рызыкі захворванняў і атрымаць рэкамендацыі па харчаванні, спорце, даведацца пра эфектыўнасць лекаў і нават пра ўласныя здольнасці і характар — кожны за прыкладна 35 даляраў.
У іх, вядома, больш каштоўнай і навукова абгрунтаванай інфармацыі, чым у раскладах картаў Таро ці гараскопах на месяц, але не варта чакаць ад гэтых паслуг нейкіх звышкаштоўных адкрыццяў.
У любым выпадку вы можаце заказаць гэтыя паслугі ў любы момант: камп'ютару ўсё роўна, калі аналізаваць вашы даныя ДНК-тэста — сёння ці праз 10 гадоў.
Каго выбраць?
У плане генеалагічнай карыснасці пальму першынства я б адназначна аддаў не амерыканскай FamilyTreeDNA і расійскай Genotek, а ізраільскай MyHeritage, пра якую мы пісалі раней.
Тут проста на парадак больш людзей з распрацаванымі генеалагічнымі дрэвамі, якія здалі ДНК-тэст. А гэта азначае, што і шанец знайсці блізкі сваякоў і сваякоў з канкрэтнай галіны значна вышэйшы.
Да таго ж адчуваецца, што MyHeritage больш інтэрнацыянальны рэсурс, тут ёсць людзі з усяго свету і нямала з нашага рэгіёна. У FamilyTreeDNA адчуваецца перакос у бок грамадзян ЗША.
А Genotek, які быццам бы працуе ў нашым рэгіёне, зусім не апраўдаў чаканняў у гэтым плане — тут адчуваецца моцны перакос у бок расіян. Нават па тыпова рускіх прозвішчах я бачу, што беларусаў там працэнтна мала.
Калі ў вас ёсць руская кроў, то Genotek можа быць карысным, але не мой выпадак.
FamilyTreeDNA дае шмат інфармацыі пра гаплагрупы, але практычнай карысці ад яе мала. Скрыншот Genotek
Яшчэ адзін плюс MyHeritage — шматмоўнасць з добрым прафесійным перакладам даволі вялікай колькасці даведачных матэрыялаў на сайце. 6 моў ёсць і ў Genotek. На FamilyTreeDNA выключна англійская — навошта іншыя, калі ты працуеш на амерыканскі рынак?
FamilyTreeDNA, відавочна, спрабуе паказаць сваю высокую тэхналагічнасць і прапануе вынікі, якіх няма ў іншых. Асабліва шмат інфармацыі па гаплагрупах, але гэта агульнанавуковая інфармацыя, якая непасрэдна пра вас мала што гаворыць.
У параўнанні з MyHeritage і FamilyTreeDNA расійскі Genotek умее хіба што неяк вызначаць гаплагрупу, але пры гэтым з этнічнымі данымі атрымаўся нейкі фэйл (магчыма толькі ў маім выпадку), хоць сама графіка прыгожая і чалавечная.
У расійскага Genotek прыемны сучасны сайт у параўнанні з непрывабным і нязручным сайтам FamilyTreeDNA
У плане чалавечнасці інтэрфэйсу прыкладна на тым жа ўзроўні будзе і MyHeritage. І ў MyHeritage, і ў Genotek часам даводзіцца пашукаць тую ці іншую магчымасць. Самым нядобразычлівым я назваў бы FamilyTreeDNA — ён проста выглядае як сайт з 2000-х і дае мала тлумачэнняў.
Так што з трох варыянтаў MyHeritage у маім суб'ектыўным рэйтынгу аказваецца лідарам і па аб'ёме карыснай генеалагічнай інфармацыі, і па вызначэнні этнічнай прыналежнасці, а таксама мае чалавечны інтэрфэйс, якім прыемна і лёгка карыстацца.
Адзіны відавочны мінус — абмежаванасць выбару: пасля аўтасомнага ДНК-тэста далей трэба звяртацца да іншых кампаній, каб атрымаць тэсты па Y-храмасоме і мтДНК.
У цэлым варта скарыстацца магчымасцю і загрузіць свой ДНК-тэст на як мага большую колькасць рэсурсаў, якія здольныя яго прааналізаваць — інфармацыі ніколі не бывае занадта шмат і ніколі не ведаеш, што «стрэліць» у супадзенні па ДНК са сваякамі.
Што дасць тэст ДНК звычайнаму беларусу?
З чаго пачынаць шукаць продкаў. Карысныя сайты
Майкл Дуглас і Скарлет Ёхансан аказаліся далёкімі сваякамі. Продкі абаіх паходзяць з Беларусі