Расія выкарыстоўвае для перавозу пяхоты гольф-кары і беларускія матацыклы. Ад гэтага страты растуць

Недахоп бронятэхнікі прымусіў расійскія войскі перасесці на квадрацыклы.

16.07.2024 / 12:51

Знішчаныя гольф-кары пад Купянскам. Фота: скрын відэа з сацыяльных сетак

Як піша Forbes, адчуваючы цяжкасці з заменай знішчанай ці пашкоджанай бронетэхнікі, расійскі бок аснашчае ўсё больш сваіх падраздзяленняў грамадзянскімі машынамі, у тым ліку квадрацыкламі Desertcross 1000-3 кітайскай вытворчасці, а таксама кітайскімі і беларускімі матацыкламі.

Як заўважае выданне, супраць украінскіх войскаў, якія акапаліся і падтрымліваюцца артылерыяй і беспілотнікамі, у расіян на квадрацыклах і матацыклах няма ні адзінага шанца.

Выглядае на тое, што аснашчэнне квадрацыклаў і матацыклаў спецыяльнымі каркасамі для абароны ад дронаў не вельмі дапамагае. Гэта запавольвае прасоўванне тэхнікі, якая і так недастаткова магутная, што робіць яе больш уразлівай для іншай украінскай зброі.

OMG. Russian Desertcross with enormous anti drone cage. How do we call this Russian contraption? pic.twitter.com/eKmJqSOrxc

— Special Kherson Cat (@bayraktar_1love) July 6, 2024

Так, 15 ліпеня ў раёне Купянска ўкраінскія войскі знішчылі па меншай меры пяць расійскіх гольф-караў, якія перавозілі пехацінцаў. І гэта тлумачыць, чаму растуць страты расійскага боку.

Па інфармацыі Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, страты Расіі на вайне дасягнулі максімуму. Так у маі ў сярэднім у дзень было забіта ці паранена 1262 чалавекі, у чэрвені — 1163. Усяго з 1 мая па 30 чэрвеня расіяне страцілі больш за 70 тысяч чалавек.

Наколькі апраўданы абмен тысячы салдатаў у дзень на некалькі метраў прасоўвання — на гэта пытанне, як заўважае выданне, можа адказаць толькі Пуцін.

Украінцаў спыталі, ці прыйшоў час пачынаць перамовы з Расіяй — вынікі сацапытання

Украінскія амбіцыі мець F-16 разбіваюцца аб моўны бар'ер, узлётна-пасадачныя палосы і запчасткі — Bloomberg

У Курскай вобласці ноччу дрон атакаваў завод нізкавольтнай апаратуры

Nashaniva.com