Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Усё часцей сілавікі шукаюць кантакты беларусаў, якія выехалі з краіны, і просяць іх даслаць свой адрас пражывання. Распавядаем, што адбываецца.

15.07.2024 / 22:07

Калаж «Нашай Нівы»

Мы знайшлі каля 20 выпадкаў, калі беларусам, што цяпер за мяжой, пісалі сілавікі і пыталіся адрас пражывання. Гэта былі як былыя палітвязні, гэтак і проста людзі, якія выехалі пасля 2020 года. Частка з іх даслала свой адрас, частка — не.

Некаторых прасілі выслаць дамовы арэнды жылля. Іншых, на каго завялі крымінальныя справы, — даслаць распіску: пазначыць, дзе жывеш, і напісаць, што калі вернешся ў Беларусь, абавязуешся явіцца ў органы.

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва тлумачыць, навошта сілавікам адрасы беларусаў:

  1. Чалавек знаходзіцца на ўліку пасля адбыцця пакарання, і, каб сілавікам больш не працаваць па ім, трэба пацверджанне, што чалавек з'ехаў,
  2. Заведзена крымінальная справа, і міліцыі трэба падставы, каб падаць у вышук і такім чынам завяршыць працу па крымінальнай справе.
  3. Патрэбныя падставы, каб распачаць крымінальную вытворчасць.

Пры камунікацыі з сілавікамі юрыстка раіць даваць толькі неабходны мінімум інфармацыі, звесткі пра ваша месца пражыванне лепш не раскрываць.

«Лепей за ўсё ветліва растлумачыць, што вы гэтую інфармацыю па тэлефоне казаць не будзеце. І ўвогуле скарыстаецеся сваім правам не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх», — кажа Святлана.

Махляры сабралі персанальныя звесткі тысяч беларусаў замежжа. Як так атрымалася і прычым тут пашпарт Новай Беларусі?

Спецслужбы збіраюць даныя пра беларусаў замежжа, робячы фэйкавыя анкеты для прэтэндэнтаў на пашпарт Новай Беларусі

Навошта сілавікі выпытваюць пра тэлеграм-акаўнты беларусаў, нават тых, хто за мяжой?

Nashaniva.com