У машыне хлопца, што страляў у Трампа, знайшлі выбухоўку

Што яшчэ вядома пра стралка на мітынгу Трампа?

14.07.2024 / 19:07

Томас Мэцью Крукс. Скрыншот відэа

Улады выявілі выбуховыя прылады ў машыне 20-гадовага Томаса Мэцью Крукса, якая была прыпаркаваная недалёка ад мітынгу Трампа. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам расследавання.

Страляніна адбылася 14 ліпеня падчас выступу Трампа перад прыхільнікамі. Былы прэзідэнт ЗША, які зноў вылучаецца на пасаду кіраўніка краіны, быў лёгка паранены ў вуха. Два чалавекі, уключаючы стралка, забітыя, двое ўдзельнікаў мітынгу цяжка параненыя. 

Падазраваны Крукс жыў у Бетэль-Парку, штат Пенсільванія, прыгарадзе Пітсбурга, прыкладна ў гадзіне язды ад месца, дзе праходзіў мітынг.

Пра яго пакуль вядома няшмат, і матыў нападу не ясны. У рэгістрацыйнай картцы выбаршчыка пазначана, што ён калісьці быў зарэгістраваны як рэспубліканец. Пентагон заявіў, што Крукс не служыў у войску.

Следчым спачатку было цяжка ўстанавіць ягоную асобу, збольшага праз тое, што ў яго не было пры сабе ніякіх дакумэнтаў. Яны выкарыстоўвалі ДНК, фатаграфіі і іншую інфармацыю, каб пацвердзіць яго асобу.

Па словах прадстаўнікоў праваахоўных органаў, на месцы здарэння была выяўленая вінтоўка AR-тыпу. Па словах людзей, знаёмых з ходам расследавання, зброя была набыта бацькам Крукса.

Былая аднакласніца Крукса сказала, што той не выказваў у школе ніякіх выразных палітычных поглядаў.

Хлопец, што страляў у Трампа, быў рэспубліканцам

Ілан Маск заявіў пра поўную падтрымку Трампа

Дональд Трамп зрабіў заяву пасля атакі на яго

Байдэн сказаў, што моліцца за Трампа, і заклікаў аб'яднацца ўсю нацыю

Nashaniva.com