Чалавек, які страляў на мітынгу ў Дональда Трампа, забіты
Пра тое, што чалавек, які страляў у Дональда Трампа, мёртвы, паведамілі амерыканскія СМІ.
14.07.2024 / 02:36
Прадстаўнікі Сакрэтнай службы, якая адказвае за бяспеку Дональда Трампа. Фота: AP Photo/Evan Vucci
Стралка забілі супрацоўнікі Сакрэтнай службы, паведамляе тэлеканал CBS.
Пра смерць меркаванага стралка таксама піша журналістка The Washington Post Мэрыл Корнфілд са спасылкай на акруговага пракурора горада Батлера, дзе адбылася страляніна.
Афіцыйна інфармацыі пра смерць падазраванага ў стральбе не паступала. Хто гэты чалавек і якія былі яго матывы, таксама пакуль невядома.
Агенцтва Associated Press са спасылкай на двух супрацоўнікаў праваахоўных органаў паведаміла, што стральба на мітынгу Трампа расследуецца як спроба замаху, а стралок знаходзіўся не ўнутры перыметра, дзе праходзіў выступ.
CBS у сваім жывым эфіры падкрэслівае, што на такіх мітынгах заўсёды ўзмоцненыя меры бяспекі, людзей прапускаюць праз рамкі металашукальнікаў.
Сакрэтная служба зрабіла афіцыйную заяву аб страляніне на мітынгу Трампа. Ведамства пацвердзіла, што адзін глядач і стралок забітыя:
«Стралок зрабіў некалькі стрэлаў у бок сцэны з узвышэння за межамі месца правядзення мітынгу. Сакрэтная служба ЗША хутка распачала ахоўныя меры, былы прэзідэнт у бяспецы, — паведаміў прадстаўнік службы Энтані Гугліелмі. — Адзін глядач быў забіты, двое іншых цяжка параненыя».
Прэс-сакратар Сакрэтнай службы таксама дадаў, што да расследавання прыцягнулі ФБР.
Падчас замаху на Трампа як мінімум адзін чалавек загінуў
Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі
«Фактар Свіфт». Амерыканская грамадскасць чакае заявы Тэйлар Свіфт наконт Байдэна