«Знаходзіцца ў знясіленым стане». Вернікі даведаліся падрабязнасці пра зняволенага ксяндза Анджэя Юхневіча
Каталіцкі святар з Шуміліна Анджэй Юхневіч з 8 мая знаходзіцца ў зняволенні: спачатку па адміністрацыйных артыкулах, а нядаўна супраць яго завялі крымінальную справу. Вернікі з ягонай парафіі робяць усё магчымае, каб яму дапамагчы і стараюцца даведацца пра ягоны стан, піша Katolik.life.
12.07.2024 / 18:39
Ксёндз Анджэй Юхневіч
Вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне дагэтуль невядома, у чым менавіта і па якім артыкуле абвінавачваюць іхняга пробашча — гэта тлумачаць таямніцай следства. У святара ёсць адвакат, але ён таксама нічога не паведамляе, паколькі вымушаны быў даць падпіску аб неразгалошванні.
Адзінае, што перадалі вернікам — святар знаходзіцца ў знясіленым стане, ён быў пазбаўлены многіх базавых чалавечых патрэбаў. Да прыкладу, толькі нядаўна яму далі магчымасць прыняць душ — пасля амаль двух месяцаў зняволення.
Парафіяне тым часам не застаюцца абыякавымі да лёсу айца Анджэя Юхневіча і робяць усё магчымае для яго як найхутчэйшага вызвалення. На кожнай святой Імшы пра гэта моляцца парафіяне, ды і акрамя гэтага выкарыстоўваюць усе даступныя метады. Так, яны пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, перадаюць перадачы, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце, імкнуцца хадайнічаць перад органамі следства і пракуратуры, каб яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
У парафіі пісалі калектыўны зварот у апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але там адказалі, што не могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе.
Пра дзеянні з боку афіцыйных касцёльных структур нічога пакуль не вядома — публічных малітваў, заяў, напамінкаў пра сітуацыю святара і якой-небудзь мінімальнай інфармацыі ў публічнай сферы не было.
Супраць ксяндза Анджэя Юхневіча завялі крымінальную справу
«Светлы, Божы чалавек». Чаму ўлады накінуліся на святара Юхневіча з Шуміліна
Ксяндза Анджэя Юхневіча прызналі палітвязнем
Ксяндза з Шуміліна не выпусцілі пасля 45 сутак, далі новы тэрмін
Сталі вядомыя прычыны арышту шумілінскага ксяндза Юхневіча