Памятаеце, Мінкульт абяцаў паказваць фільмы ў цягніках? Паглядзець іх не атрымаецца з-за дрэннага інтэрнэту

Журналісты «Моцных навін» правялі эксперымент, які праваліўся.

11.07.2024 / 13:33

Журналісты вырашылі скарыстацца паслугай у цягніках міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа па маршруце Мінск — Гомель.

У пачатку ліпеня Мінкульт прэзентаваў новы праект, у рамках якога паабяцаў паказваць у цягніках БЧ кіно «Беларусьфільма». Карціны былі загружаны на медыясервер БЧ.

Аўтары эксперыменту вырашылі паглядзець у дарозе кіно «Дзікае Паляванне караля Стаха» на цягніку, які адпраўляўся з Мінска ў Гомель 5 ліпеня ў 17:24.

Журналісты падключыліся да Wi-Fi праз тэлефон. Але ўжо праз 10 хвілін з моманту адпраўлення сувязь знікла. На наўтбуку было тое самае.

Інтэрнет з'яўляўся толькі на станцыях, а пасля адпраўлення адразу знікаў.

У даведачнай службе БЧ растлумачылі: на маршруце Мінск — Гомель скарыстаць Wi-Fi у цягніку, а тым больш паглядзець беларускае кіно не атрымаецца.

Прычына ў тым, што ў Беларусі няма тэхнічнай магчымасці забяспечыць належную сувязь уздоўж чыгуначных ліній, а значыць, і стабільнага выхаду ў інтэрнет падчас падарожжаў не будзе.

Атрымліваецца, паслуга, анансаваная Мінкультам, існуе толькі намінальна, па факце скарыстаць яе пасажыры не могуць.

У цягніках Белчыгункі пачалі паказваць беларускае кіно

Кітай зацягвае пастаўкі новых цягнікоў у Беларусь, бо баіцца трапіць пад санкцыі

Лукашэнка прапануе запусціць паміж Мінскам і Дзяржынскам струнны транспарт

Nashaniva.com