«Машына пакрылася цёмным налётам». Беларус папярэдзіў кіроўцаў пра «смалу» на дарозе пад Гроднам

Пасля паездкі па адной з аўтадарог на Гродзеншчыне мужчына выявіў, што ягоная машына пакрылася «дзіўным цёмным налётам». Пры спробах нейтралізаваць налёт, са слоў кіроўцы, злазіла фарба на аўто, піша NewGrodno.by.

09.07.2024 / 16:17

Фота: NewGrodno.by

Інцыдэнт адбыўся на ўчастку дарогі паміж аграгарадкамі Парэчча і Азёры ў Гродзенскім раёне, на павароце каля вёскі Глушнева.

«Напярэдадні тут праводзілі рамонт дарогі. Ноччу пайшоў дождж. На дарозе з'явілася алеістая плёнка з вады і, магчыма, эмульсіі, якой пакрывалі праезную частку», — выказаў меркаванне беларус.

З ягоных слоў, цёмны налёт у выніку з'явіўся на бамперы, ніжняй частцы кузава, колавых дысках і не толькі. Прыбраць яго атрымалася толькі з дапамогай бензіну, але пацярпела фарба на аўто.

Дарэчы, як расказаў мужчына, пасля здымак гэтага відэа яму прыйшлося выкінуць і красоўкі.

«Учора яны тут пасыпалі, як заўсёды, шчэбнем і палілі эмульсіяй. Але нешта пайшло не так. Проста жывая смала-вада. Вось сёння раніцай ехаў на працу. Зад нямоцна пацярпеў, а вось гэты бок — цалкам. Дыскі, задні бампер, дзверы, парог — усё ў смале гэтай», — паскардзіўся аўтар роліка.

Ён адзначыў, што праязджае гэтую дарогу штодня і рамонт на гэтым участку праводзяць ужо не першы тыдзень, аднак раней такога не здаралася.

Фота: NewGrodno.by

«Увогуле, рамонт — справа добрая. Рады, што дарогу прыводзяць у парадак. Але, напэўна, менавіта на гэтым участку нешта пайшло не так», — адзначыў беларус.

У Навагрудку таксіст збіў веласіпедыста на абсалютна пустой вуліцы

Улады Гомельскай вобласці закрылі чаты ў месенджарах для скаргаў насельніцтва, якія самі і адкрывалі

«Крэпкахазяйственная рука дацягнулася да справы». Як цяпер выглядае маёнтак Падароск, адціснуты ва ўладальніка ФОТАФАКТ

Nashaniva.com