Улады Гомельскай вобласці закрылі чаты ў месенджарах для скаргаў насельніцтва, якія самі і адкрывалі
Рэгіянальныя чаты «Дыялог з уладай» у месенджарах Telegram і Viber, якія працавалі каля года, спынілі функцыянаванне. Улады ўсіх раёнаў згарнулі зносіны з мясцовымі жыхарамі ў адкрытым рэжыме — гэта адбылося адначасова, што паказвае на цэнтралізаванае рашэнне, піша «Флагшток».
Працу чатаў, дзе людзі скардзіліся на праблемы — публікавалі фота разбітых дарог, паведамлялі аб бруднай вадзе ў кранах — спынілі з нагоды «ўдасканалення працы з насельніцтвам, захавання палітыкі прыватнасці і дзейнага заканадаўства аб абароне персанальных даных».
Замест адкрытых чатаў жыхарам прапанавалі пісаць у створаныя чат-боты, паабяцаўшы «паспрабаваць разабрацца ў кожным пытанні».
Аднак такая форма «дыялогу» дае ўладам магчымасць не рэагаваць на звароты грамадзян. Калі раней людзі маглі апублікаваць паведамленне ў адкрытым чаце для агульнага доступу — гэта значыць, публічна заявіць аб праблеме, атрымаць падтрымку іншых жыхароў, што матывавала чыноўнікаў аператыўна рэагаваць на сітуацыю — то цяпер публічнасць выключана.
Для чыноўнікаў гэта зручна тым, што аб праблемах не будуць ведаць іншыя жыхары і прэса, не будзе адкрытага грамадскага абмеркавання, а адказваць на зварот грамадзяніна можна будзе ў фармаце «адпісак» — тым больш, як падкрэсліваецца ў інфармацыі аб чат-ботах, яны не трапляюць пад дзеянне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Раней пры запуску адкрытых чатаў улады падавалі гэта як магчымасць прамога кантакту з чыноўнікамі.
Напрыклад, вось што паведамляў Жлобінскі райвыканкам 1 ліпеня 2023 года: «З мэтай своечасовага рэагавання на пытанні, якія тычацца жыццядзейнасці жыхароў Жлобінскага раёна, у сацыяльнай сетцы Viber створана супольнасць «Жлобін. ДЫЯЛОГ з уладай». Далучайцеся і будзьце ў курсе зменаў, дзякуючы своечасоваму рэагаванню на хвалюючыя жлабінчан праблемы і пытанні. Мэта: даць дадатковую магчымасць прамога кантакту з органамі мясцовай улады па любых пытаннях жыццядзейнасці ў раёне».
Каментары