Памёр дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы Хведар Галёнка
Ён пражыў больш за 100 гадоў.
09.07.2024 / 15:11
У Варшаве памёр Хведар Галёнка, шматгадовы дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Прадстаўнік пакалення, якое было ля вытокаў беларускага руху ў пасляваенны час, паведамляе «Радыё Рацыя».
Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, які пазнаёміўся з Хведарам Галёнкам у 1980-я, успомніў «вобразнасць, гумар і іронію», якая была ўласцівая нябожчыку.
«Ён ужо быў знаёмы мне, як асоба з Тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва». Ягоная актыўнасць у Беларускім грамадска-культурным таварыстве, менавіта варшаўскага аддзелу, гуртка БГКТ, была знаёмая. Чалавек быў завочна знаёмы. Ён нарадзіўся непадалёк ад мяне — у Пасечніках Вялікіх. Ён быў знаёмы мне яшчэ з пачатковай школы, бо я вучыўся з яго пляменнікам. Мы сядзелі за адной партай, святой памяці Ясем Галёнкам, гэта быў сын яго брата. Таму я ведаў пра дзядзьку, які такі важны і слаўны ў Варшаве.
… Для мяне гэта тое пакаленне, той час калі ягоныя шырокія кантакты ў свеце дазвалялі функцыянаваць беларускаму аддзелу ў зусім іншай прасторы. Верхам элегантнасці і прэстыжнасці варшаўскага гуртка БГКТ былі навагоднія балы паводле праваслаўнага стылю. Увесь беластоцка-падляшскі істэблішмент з’язджаўся ў Варшаву, каб пабаляваць у Палацы культуры. Было відаць, што бал выклікае асаблівую цікавасць. Сярод тых, хто прыходзіў, былі вайскоўцы, лекары, юрысты, працаўнікі высокіх ведамстваў», — сказаў Яўген Вапа.
Хведар Галёнка, жывучы ў Варшаве, адмыслова шукаў жонку менавіта на Падляшшы, беларуску, каб у сям'і гаварыць па-беларуску, у тым ліку з дзецьмі.
Развітанне адбудзецца 10 ліпеня, у царкве святога Яна Клімака, па вуліцы Вольскай у Варшаве. Пахаваюць Хведара Галёнку на праваслаўных могілках побач.
Памёр журналіст Яўген Агурцоў-Кржыжаноўскі
У Варшаве памерла 18-гадовая беларуска, для якой збіралі грошы на лячэнне саркомы
Памёр краязнаўца Павел Арлоўскі. Яму быў 31 год
Памёр мастак-графік Леанід Дзягілеў