На месцы ўдару па дзіцячай клініцы ў Кіеве знайшлі фрагменты расійскай ракеты
СБУ выявіла новыя доказы таго, што ўдарыла па бальніцы менавіта Расія.
09.07.2024 / 13:45
Фота: СБУ
На месцы ўдару па дзіцячай клініцы «Ахматдзет» у Кіеве знайшлі фрагменты расійскай ракеты Х-101. У прыватнасці, на месцы трагедыі знойдзены абломак рухавіка крылатай ракеты, паведамляе СБУ.
Таксама знойдзены абломак механізму раскрыцця крылаў, абломак блока пастаноўкі перашкод, сярэдняя частка корпуса, абцякальнік хваставога адсека і абломак гідраблока крылатай ракеты, абломкі кажуха рухавіка з бачнасцю інвентарнага і серыйнага нумароў.
Следча-аператыўная група СБУ працуе на месцы трагедыі з першых хвілін і робіць усё магчымае, каб сабраць кожны рэчавы доказ.
У СБУ адзначаюць, што такія разбурэнні не маглі быць выкліканыя трапленнем ракеты ЗРК NASAMS — яе баявая частка значна менш магутная, чым у расейскай ракеце Х-101.
Акрамя таго, прапорцыі, форма і памеры ракеты, зафіксаванай на відэа, цалкам адпавядаюць ракеце Х-101, і, наадварот, не характэрныя для зенітных ракет. Нанясенне ўдару ракетай авіяцыйнага базавання Х-101 таксама было зафіксавана матэрыяламі аб'ектыўнага кантролю з дапамогай радараў.
У выніку ракетнага ўдару па найбуйнейшай дзіцячай бальніцы ў Кіеве быў цалкам разбураны адзін з карпусоў. Паводле апошніх звестак, пацярпелі 32 чалавекі, у тым ліку восем дзяцей.
Удар па дзіцячай бальніцы ў Кіеве быў нанесены расійскай ракетай. Вось якія доказы
Пугачова адрэагавала на ракетны ўдар па дзіцячай бальніцы ў Кіеве
Аварыйна-выратавальныя работы на месцы ўдару па бальніцы «Ахматдзет» завершаныя