Чарга ў Польшчу амаль знікла, але людзі ўсё адно стаяць па 10 гадзін. Як так?

Чэргі на пункце пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай істотна скараціліся. На працягу суботы, 6 ліпеня, выезду з Беларусі чакалі 50-60 легкавікоў. Гэта ў разы менш, чым яшчэ некалькі тыдняў таму, калі ў чаргу часам выстройвалася аж да 500 аўто.

07.07.2024 / 01:30

Карыстальнікі памежных чатаў адзначаюць, што заехаць у зону чакання на мяжы можна адразу ж. Тым не менш агулам праходжанне мяжы ў бок Польшчы займае каля 9-10 гадзін. За кошт чаго набягае гэты час?

Каля трох гадзін даводзіцца прастойваць у зоне чакання. Наступныя тры гадзіны займае знаходжанне ў беларускім пункце пропуску. Каля гадзіны кіроўцы стаяць на мосце, і яшчэ тры гадзіны іх даглядаюць на польскім баку мяжы.

Вяртанне ў Беларусь на аўтамабілі займае яшчэ больш часу.

Зоны чакання з польскага боку няма, машыны стаяць проста ўздоўж трасы. Гэта чарга да шлагбаума складае прыблізна 3,5-4 км. Каб яе прайсці, даводзіцца патраціць каля 13-14 гадзін. Прычым пасажыры-валанцёры пастаянна змагаюцца з парушальнікамі, якія спрабуюць праскочыць на мяжу, не стоячы ў агульнай чарзе.

Само знаходжанне на памежных пунктах займае яшчэ 5-7 гадзін — у залежнасці ад выбару чырвонага ці зялёнага канала.

Такім чынам, агулам праходжанне мяжы ў бок Беларусі займала ў суботу, 6 ліпеня, каля 18-20 гадзін.

Цікавасць да паездак у Польшчу стала спадаць пасля таго, як з’явіліся звесткі, што Польшча перастала афармляць VAT і выпускаць у Беларусь з шэрагам тавараў. 

Адбылося гэта ў сувязі з прыняццем новага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі.

Беларускія бізнэсмены спешна прадаюць долі ў сваіх польскіх транспартных кампаніях. Што адбываецца?

Чаму Польшча забараніла вываз тавараў фізічным асобам і якія тавары цяпер нельга правезці?

«Дазволілі пакінуць толькі адну цыгарэту». На латвійскай мяжы беларусаў прымушаюць выкідаць алкаголь, каструлі і не толькі

Nashaniva.com