Рышы Сунак афіцыйна падаў у адстаўку і вызваліў Даўнінг-стрыт

«Вялікабрытанія — найлепшая краіна ў свеце», — сказаў Рышы Сунак, пакідаючы сёння сваю рэзідэнцыю на Даўнінг-стрыт.

05.07.2024 / 13:14

Незалежны кандыдат Ніка Амілана стаіць з літарай «L» (параза?) ззаду прэм'ера Сунака. Фота: Temilade Adelaja, Pool via AP 

Сунак, які займаў пасаду прэм'ера з кастрычніка 2022 года пасля 50 дзён прэм'ерства Ліз Трас, дадаў, што стаў прэм'ер-міністрам праз два пакаленні пасля прыезду ў Вялікабрытанію яго бабулі і дзядулі, піша Бі-бі-сі.

Сунак падзякаваў сваім калегам і сям'і: жонцы і дочкам. Ён адзначыў, што ніколі не зможа выказаць ім усёй сваёй падзякі за тыя ахвяры, на якія яны пайшлі, каб дазволіць яму служыць краіне.

У ходзе пазачарговых выбараў, што прайшлі ў чацвер, Лейбарысцкая партыя атрымала ўпэўненую перамогу. Падлік галасоў завершаны яшчэ не ва ўсіх выбарчых акругах, але лейбарысты ўжо афіцыйна атрымалі ў 412 з 650 месцаў у Палаце грамадаў.

Лідар партыі Кір Стармер стане прэм'ерам. Апошні раз лейбарысты былі ва ўладзе 14 гадоў таму (урад Гордана Браўна). Кансерватары зараз атрымаюць, напэўна, 119 месцаў — гэта вельмі нізкі вынік у гісторыі.

У кароткай прамове пасля абвяшчэння вынікаў Стармер, у прыватнасці, сказаў: «Перамены пачынаюцца проста тут, таму што гэта ваша дэмакратыя, ваша супольнасць, ваша будучыня. Вы прагаласавалі. Цяпер прыйшоў час нам выконваць абяцанні».

Раней Сунак павіншаваў Стармера з перамогай. «Сёння перадача ўлады з рук у рукі пройдзе ў мірнай манеры, з добрай воляй з усіх бакоў. Гэта павінна даць нам усім упэўненасць у стабільнасці і будучыні нашай краіны. Брытанскі народ сёння вынес вердыкт, шмат чаму трэба навучыцца … і я бяру на сябе адказнасць за паразу», — сказаў Сунак.

Сімвалічна, што Лейбарысцкая партыя ўпершыню прыйшла да ўлады 100 гадоў таму, у 1924 годзе.

Лейбарысты ўпэўнена перамагаюць на выбарах у Брытаніі

У Брытаніі мяняецца ўлада ўпершыню за 14 гадоў. Чым абярнуцца выбары для Украіны і Еўропы?

Nashaniva.com