Галоўкам ВМС Украіны: Расія губляе крымскі хаб у Чорным моры
Чарнаморскі флот Расіі вымушаны перадыслацыраваць амаль усе баяздольныя караблі з Крыма ў іншыя месцы, а яго галоўны ваенна-марскі вузел становіцца неэфектыўным з-за атак Кіева.
05.07.2024 / 13:01
Галоўнакамандуючы ВМС Украіны віцэ-адмірал Аляксей Неіжпапа. Фота: AP Photo/Kirsty Wigglesworth
У інтэрв'ю выданню Reuters галоўнакамандуючы ВМС Украіны віцэ-адмірал Аляксей Неіжпапа адзначыў, што Чарнаморскі флот Расіі быў вымушаны перабазіраваць амаль усе свае баяздольныя ваенныя караблі з акупаванага Крыма ў іншыя месцы.
Па яго словах, удары ўкраінскіх ракет і беспілотнікаў нанеслі сур'ёзны ўрон базе ў Севастопалі, якая з'яўляецца лагістычным цэнтрам для рамонту, абслугоўвання, навучання і захоўвання боепрыпасаў, а таксама выконвае іншыя важныя для Расіі функцыі.
«Гэта стваралася на працягу многіх дзесяцігоддзяў, магчыма, стагоддзяў. І відавочна, што цяпер яны губляюць гэты хаб. (…) Практычна ўсе асноўныя баяздольныя караблі выведзены праціўнікам з галоўнай базы Чарнаморскага флоту і знаходзяцца ў Наварасійску, а частка з іх — у Азоўскім моры», — цытуе выданне словы Неіжпапы.
Як адзначае віцэ-адмірал, Севастопаль служыў месцам захоўвання і пагрузкі крылатых ракет, якія выкарыстоўваліся ваеннымі караблямі для нанясення ўдараў па Украіне. Цяпер гэтую задачу спрабуюць вырашаць у Наварасійску. Аднак расійская ваенна-марская база ў гэтым горадзе не валодае такімі шырокімі магчымасцямі, як Севастопаль.
Баявы марскі дрон Украіны. Фота: U24.gov.ua
Неіжпапа расказаў, што Украіна ліквідавала ці пашкодзіла 27 ваенна-марскіх судоў. З іх пяць былі ліквідаваны з дапамогай марскіх мін, якія ўстанавілі ўкраінскія ваенна-марскія беспілотнікі каля Севастопальскага заліву.
Цяпер, па словах галоўнакамандуючага ВМС Украіны, некаторыя расійскія ваенныя караблі, якія рэдка заходзілі ў Азоўскае мора, рэгулярна там дыслацыруюцца.
Даныя маніторынгу, сабраныя ўкраінскімі ВМС і прадстаўленыя Reuters, паказалі, што па стане на 27 чэрвеня ў Азоўскім моры знаходзілася 10 расійскіх ваенных караблёў, тады як у 2023 годзе — ніводнага.
Цяпер Расія, па словах Неіжпапы, выкарыстоўвае свой Чарнаморскі флот у асноўным для лагістыкі, частковага кантролю прыбярэжных тэрыторый і для абстрэлу Украіны крылатымі ракетамі «Калібр».
Галоўнакамандуючы ВМС Украіны адзначыў, што стымулам для таго, каб кінуць выклік «поўнаму дамінаванню» Расіі ў небе над Чорным морам, стане пастаўка Украіне ў хуткім часе знішчальнікаў F-16.
«F-16 з адпаведным узбраеннем змогуць адцясніць расійскія вайсковыя самалёты. Паўночна-заходняя частка Чорнага мора, асабліва калідор для грамадзянскіх судоў, будзе амаль на 100% бяспечнай», — сказаў ён.
Пакуль Украіна здзяйсняе марскія зносіны толькі з трох партоў Адэсы. З-за кантролю Расіі над Кінбурнскай касою пакуль не атрымліваецца ўключаць у зносіны парты Мікалаева і Херсона.
Украіна заявіла пра знішчэнне яшчэ аднаго расійскага вайсковага карабля
УСУ ўдарылі ракетай «Нептун» па караблі «Канстанцін Альшанскі» ў Крыме