Еўрасаюз разглядае магчымасць працягнуць кантракт з «Газпрамам» пасля 2024 года

На неабходнасці новай дамовы з «Газпрамам» настойваюць, па даных нямецкай газеты Handelsblatt, Аўстрыя, Венгрыя, Славакія і Чэхія. Дзейны кантракт на транзіт расійскага газу праз Украіну ў Еўропу паміж «Газпрамам» і ўкраінскім «Нафтагазам» заканчваецца ў канцы 2024 года.

04.07.2024 / 16:30

Фота: Dmitry Lovetsky / AP

«Нафтагаз» раней заяўляў, што не разарваў гэты кантракт толькі з увагі на інтарэсы еўрапейскіх партнёраў, а працягваць далей не збіраецца.

Схема, над якой цяпер думаюць у ЕС, паводле звестак газеты, прадугледжвае ўкладанне дамовы з Еўрапейскім энергапрадпрыемствам, якое будзе купляць газ на расійска-ўкраінскай мяжы, накіроўваць яго ў Еўрасаюз і плаціць Украіне за транзіт. Але на гэта патрэбна згода Кіева.

Іншы варыянт — пастаўкі з Азербайджана. Але гэты сцэнар немагчыма без прыцягнення да перамоваў «Газпрама».

Што тычыцца Расіі, то яна гатовая пастаўляць газ у Еўропу праз Украіну і пасля 2024 года, усё залежыць ад жадання Украіны. Пра гэта заявіў 3 ліпеня віцэ-прэм'ер Расіі Аляксандр Новак.

«Газпрам» не патрэбны: ЕС завяршыў ацяпляльны сезон з рэкорднымі запасамі газу

Еўрасаюз заявіў, што спыніць транзіт расійскага газу праз Украіну

Беларускія ўлады спадзяюцца купляць расійскі газ яшчэ танней пасля 2026 года

Nashaniva.com