Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ

Міністр транспарту і камунікацыі Аляксей Аўраменка раптоўна памёр 4 ліпеня 2023 года. Ніякіх падрабязнасцяў трагедыі дзяржаўныя СМІ не прыводзілі, толькі сам Аляксандр Лукашэнка назваў чыноўніка не «памерлым», а «загінулым». Інфармаваныя суразмоўцы «Нашай Нівы» расказалі акалічнасці таго, што здарылася летам 2023 года.

02.07.2024 / 18:58

Развітанне з Аляксеем Аўраменкам. Фота БелТА

Як кажуць крыніцы «Нашай Нівы», пры канцы жыцця 46-гадовы Аляксей Аўраменка трапіў у прыцэл органаў дзяржаўнай бяспекі. У версіях таго, што ставілі ў віну міністру, крыніцы разыходзяцца. Адны кажуць, што міністра вінавацілі ў махінацыямі з паказчыкамі працы ведамства. Іншыя кажуць пра палітычныя матывы.

«Сам Аўраменка лічыў сябе сумленным чалавекам і з прэтэнзіямі згодны не быў. Я думаю, што ён не вытрымаў ціску і спыніўся на апошнім спосабе захаваць сваё добрае імя і свабоду», — кажа наш суразмоўца. 

Знаёмыя сям'і прыводзяць падрабязнасці таго, што адбылося. 

«У гаражы Аўраменка выпіў тэхнічнай вадкасці для ахалоджвання рухавіка і страціў прытомнасць. Але яго цела на падлозе вельмі хутка знайшоў адзін з блізкіх. Выклікалі хуткую. Аўраменку завезлі ў бальніцу і адкачалі, часова вярнулі ў прытомнасць. Але ўнутраныя органы ўжо былі незваротна пашкоджаныя. Аўраменка яшчэ паспеў патлумачыць, чаму спрабаваў зрабіць сабе смерць. Але неўзабаве памёр», — паведаміла «Нашай Ніве» інфармаваная крыніца. 

Аляксей Аўраменка рабіў міністрам з 2019 года, а да таго працаваў на розных пасадах ва ўпраўленні транспарту і сувязі апарату Савета міністраў.

Аляксандр Лукашэнка на цырымонію пахавання свайго міністра не прыехаў.

Аўраменка стаў другім за кароткі час лукашэнкаўскім міністрам, які ўчыніў суіцыд. У 2022 у сваім доме ў Драздах, па інфармацыі «Нашай Нівы», звёў рахункі з жыццём Уладзімір Макей.

А тыдзень таму пайшоў з жыцця пасол у Германіі Дзяніс Сідарэнка. Ён не вытрымаў допытаў у КДБ.

Пяць фактаў пра Наталлю Пяткевіч — самую ўплывовую чыноўніцу Беларусі да з'яўлення Качанавай і Эйсмант

Пасол Сідарэнка пакончыў з сабой, не вытрымаў допытаў КДБ

Nashaniva.com