«Успрымаюць мае словы як папулізм». Падначаленыя сабатуюць загад кіраўніка Мінлясгаса падняць заробкі

Кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік на чарговай вытворчай нарадзе паскардзіўся, што ягонае даручэнне аб павышэнні заробкаў не выконваецца.

02.07.2024 / 17:20

Фота: Мінлясгас

Кулік раней заявіў, што заробкі ляснічых павінны складаць 3000 рублёў чыстымі, і раздаў адпаведныя даручэнні дырэктарам лясгасаў. Ім міністэрства таксама падняло заробкі.

Пры гэтым Кулік паскардзіўся, што заробкі рабочых галіны не павышаюцца.

«Падобна на тое, што некаторыя дырэктары ўспрымаюць мае словы як папулісцкія выказванні. Але гэта не так. Так, заробак павінен быць заробленым. Але ён павінен быць годным», — заявіў міністр.

Кулік расказаў, што ўвесь час ездзіць па лясгасах і размаўляе з рабочымі. Паводле яго, яны па-рознаму ацэньваюць свае заробкі.

Кіраўнік Мінлясгаса паабяцаў у канцы ліпеня сабраць вялікую нараду з удзелам усіх дырэктараў, намеснікаў кіраўнікоў арганізацый па ідэалагічнай рабоце, старшыняў прафкамаў. Ён будзе патрабаваць, каб кожны расказаў, што ён зрабіў для павышэння заробкаў.

Паводле звестак за май 2024 года, сярэдні заробак па краіне ў работнікаў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак складаў 1844,4 рубля да выплаты падаткаў і збораў.

Кіраўнік Мінлясгаса загадаў, каб ляснічым плацілі 3 тысячы рублёў чыстымі

У дырэктараў 22 лясгасаў забралі прэміі за тое, што «пагуляліся»

Стала вядома, чым будзе займацца экс-міністр лесу, якога пасадзілі на сем гадоў за хабар, але неўзабаве выпусцілі

Мінлясгас пачынае серыйна выпускаць драўляныя дамы

Nashaniva.com