Расійскі вайсковец планаваў узарваць будаўнічую краму ў Парыжы. Але падарваўся на ўласнай выбухоўцы

Мужчыну з расійскім і ўкраінскім грамадзянствам затрымалі ў французскім шпіталі.

01.07.2024 / 16:26

Фота: AP

Расіянін Максім, затрыманы французскімі праваахоўнікамі, рыхтаваўся падарваць будаўнічую краму Bricorama ў Парыжы.

Мужчына з баявым вопытам планаваў паставіць самаробнае выбуховае прыстасаванне раніцай, яшчэ да адкрыцця крамы. Следства лічыць, што такім чынам дыверсант хацеў пазбегнуць чалавечых ахвяр, пішуць «Важные истории» са спасылкай на Le Monde.

Праваахоўнікі вывучылі перапіскі мужчыны ў месенджарах і прыйшлі да высновы, што аперацыя планавалася з-за мяжы. У паліцыі лічаць, што выбух павінен быў стаць часткай расійскай кампаніі па дэстабілізацыі сітуацыі ў Еўропе.

26-гадовага мужчыну затрымалі ў шпіталі. Ён трапіў туды пасля таго, як падарваўся на ўласным самаробным выбуховым прыстасаванні ў нумары гатэля непадалёк ад аэрапорта Шарля дэ Голя. Максім атрымаў раненні верхняй часткі цела, твару і галавы.

Аўтары артыкула сцвярджаюць, што мужчына — выхадзец з Данбаса, у яго ёсць расійскае і ўкраінскае грамадзянства. Апошнія два гады ён ваяваў супраць Украіны ў складзе расійскай арміі.

Першапачаткова Максім адмаўляў, што планаваў тэракт. Аднак у ягоным нумары знайшлі падробленыя дакументы, матэрыялы для вырабу выбуховых прылад, мабільныя тэлефоны і сляды аміячнай салетры. Мужчына прыбыў у Францыю незадоўга да затрымання, усе матэрыялы набыў на месцы.

Еўрапейская прэса раней са спасылкай на спецслужбы паведамляла, што расійская разведка рыхтуе серыю дыверсій па ўсёй Еўропе.

Польшча рыхтуецца да хвалі расійскіх кібератак

«Макрон кінуў Францыю пад аўтобус». Што піша прэса пра выбары ў Францыі і іх першыя вынікі

Пажар на заводзе ў Берліне мог быць расійскім сабатажам

Nashaniva.com