Ізраіль памяняў правілы бязвізавага ўезду ў краіну

Ізраіль змяніў умовы бязвізавага ўезду ў сваю краіну, у тым ліку і для грамадзян Беларусі. Цяпер для атрымання права на ўезд неабходна будзе падаць спецыяльную заяву, хоць гаворка пра атрыманне паўнавартаснай візы не вядзецца.

29.06.2024 / 22:39

Ізраіль. Фота: Wikimedia Commons

«У адпаведнасці з атрыманай ад ізраільскіх уладаў афіцыйнай інфармацыяй, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, як і раней, могуць падарожнічаць у Ізраіль без візы для кароткатэрміновых паездак (турыстычная, гасцявая, дзелавая) і заставацца ў краіне да 90 дзён у кожны перыяд са 180 дзён», — паведаміла пасольства Беларусі ў Ізраілі.

Змена, аднак, будзе ў тым, што з 1 жніўня 2024 года ў выпадку кароткатэрміновай паездкі беларусы, як і іншыя замежныя грамадзяне, павінны будуць мець адмысловы электронны дазвол на ўезд у краіну (ETA-IL).

Паводле інфармацыі ўпраўлення па справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраіля, дазвол ЕТА-IL будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў або да даты заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта — у залежнасці ад таго, што адбудзецца раней.

Цягам ліпеня гэтага года падача заявы на гэты дазвол будзе бясплатнай, але з 1 жніўня гэтая працэдура ўжо будзе каштаваць 25 шэкеляў, што прыблізна роўна 7 далярам.

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў неабходна звяртацца ва ўпраўленне па справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраіля (https://israel-entry.piba.gov.il/, кантактны адрас ETA-IL: eta@piba.gov.il), ці ў пасольства Ізраіля ў Беларусі.

Паўнамаштабная вайна паміж Ізраілем і «Хезбалой» можа пачацца ў бліжэйшы час

Мужчына з арбалетам напаў на жандара каля пасольства Ізраіля ў Сербіі

У Ізраілі з-за доўгага языка Лукашэнкі адмянілі канферэнцыю да 80-годдзя вызвалення Беларусі

Nashaniva.com