За данаты будуць судзіць аднаго з найлепшых трэйлранераў Беларусі

Іллі Гумбару пагражае да васьмі гадоў калоніі са штрафам.

26.06.2024 / 08:00

Ілля Гумбар. Фота: Укантакце

Іллі Гумбару 35 гадоў. Ён скончыў Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж у 2009-м (цяпер — Мінскі радыётэхнічны каледж), а пасля адвучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасці «Штучны інтэлект». Выпусціўся ў 2014-м.

Больш за дванаццаць гадоў Ілля працуе ў IT-кампаніі iTechArt. Гэта буйная кампанія, у якой працуюць больш за паўтары тысячы чалавек. Ілля — senior software engineer, груба гэта можна перакласці як «вядучы інжынер па распрацоўцы праграмнага забеспячэння».

Гумбар мае два вядомыя захапленні — спартыўны турызм і трэйлранінг. Трэйлранінг — гэта бег на вялікія дыстанцыі па перасечанай мясцовасці, часта гэта непралазныя лясы або высокія горы (у межах трасы перапады вышыні могуць сягаць тысяч метраў).

Ілля займае другое месца ў Беларусі сярод мужчын па гэтай дысцыпліне па рэйтынгу UTMB, хоць і знаходзіцца за кратамі.

Ілля Гумбар. Фота: Укантакце

Дакладна невядома, калі Гумбара затрымалі, але апошні раз ён быў анлайн у красавіку 2024-га. Ягоны акаўнт ужо выдаліўся з тэлеграма.

Суд над мужчынам пачнецца 1 ліпеня. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 КК у рэдакцыі да 26.05.2021) і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 у новай рэдакцыі КК).

Яму пагражае ад пяці да васьмі гадоў калоніі са штрафам.

Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка

Я ахвяраваў у фонды. Як зразумець, што я ў небяспецы?

Беларускамоўнага айцішніка з EPAM асудзілі на драконаўскі тэрмін за данаты

Nashaniva.com