ЗША афіцыйна ўнеслі Беларусь у спіс дзяржаў — спонсараў гандлю людзьмі

Адпаведную інфармацыю прадставіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у сваёй штогадовай справаздачы. Вось што там сказана пра Беларусь.

25.06.2024 / 14:26

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Фота: AP

Дзярждэпартамент ЗША ўнёс Беларусь і Расію ў спіс дзяржаў — спонсараў гандлю людзьмі, гаворыцца ў справаздачы ведамства, якое было прадстаўлена ўчора, перадае «Голас Амерыкі».

У тэксце, падрыхтаваным Дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкеным, адзначаецца, што Беларусь працягвае спансаваць і садзейнічаць масавай міграцыі з трэціх краін, падвяргаючы мігрантаў значнай рызыцы эксплуатацыі і гандлю. Такой жа рызыцы падвяргаюцца ўкраінскія ўцекачы і незаконна дэпартаваныя ўкраінскія дзеці, гаворыцца ў справаздачы.

Акрамя таго, ЗША канстатуюць скарачэнне колькасці расследаванняў у Беларусі датычна гандлю людзьмі, адсутнасць справаздач па адпаведных справах разам з адсутнасцю дапамогі ахвярам падобнага гандлю. Асобна падкрэсліваецца прымус да працы тысяч людзей, асабліва палітзняволеных, а таксама масавае задушэнне грамадзянскай супольнасці і тых арганізацый, якія падтрымлівалі ахвяры гандлю людзьмі.

Усяго Дзярждэпартамент, акрамя Беларусі і Расіі, вызначае яшчэ 11 краін, улады якіх заахвочваюць альбо фінансуюць гандаль людзьмі. Гэта Афганістан, М'янма, Кітай, Куба, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Паўднёвы Судан, Судан, Сірыя і Туркменістан.

Дзейнасць вышэйпералічаных краін, паводле справаздачы, уключае ў сябе гандаль людзьмі ў рамках дзяржаўных праграм, прымусовую працу ў дзяржаўных медыцынскіх установах, сэксуальнае рабства ва ўрадавых лагерах, а таксама выкарыстанне альбо вярбоўку дзяцей-салдат.

З поўным тэкстам справаздачы Дзярждэпа ЗША па гандлі людзьмі (на англійскай мове) можна азнаёміцца па спасылцы.

Дарадцы Трампа прадставілі план спынення вайны Расіі супраць Украіны

Ціханоўская ў ЗША заклікала не апускаць жалезную заслону з Беларуссю: «Не замыкайце нас у клетку з гэтым зверам»

Пасля кансультацый з Лаўровым Алейнік пракаментаваў магчымае закрыццё пераходаў з Польшчай

Nashaniva.com