Трэці кандыдат. У Роберта Кенедзі-малодшага ўсё больш шанцаў уключыцца ў прэзідэнцкую гонку ў ЗША

За Кенедзі-малодшага гатовы галасаваць аматары тэорый змоў, антываксеры, вельмі левыя і вельмі правыя, а таксама людзі, якія гавораць аб сваім расчараванні палітыкай.

24.06.2024 / 13:33

Роберт Кенедзі — малодшы. AP Photo/Jose Luis Magana, File

Паводле ацэнак экспертаў, шанцы на з'яўленне трэцяга кандыдата ў прэзідэнцкай гонцы ў ЗША павялічваюцца з-за непапулярнасці двух асноўных прэтэндэнтаў — Байдэна і Трампа. Трэцім кандыдатам можа стаць Роберт Ф. Кенедзі-малодшы — пляменнік прэзідэнта Джона Ф. Кенедзі і сын былога міністра юстыцыі Роберта Ф. Кенедзі, піша Bild.

У 14 найбольш важных нацыянальных апытаннях Кенедзі-малодшы набірае ад 8% да 17% галасоў. Яго рэйтынг вышэйшы, чым у любога іншага трэцяга кандыдата з таго часу, як тэхаскі мільярдэр Рос Перо набраў 18,9% у 1992 годзе ў гонцы з Джорджам Бушам і Білам Клінтанам і дапамог Клінтану перамагчы.

Кенедзі-малодшаму не хапіла зусім няшмат для таго, каб патрапіць на тэледэбаты, якія неўзабаве пройдуць на канале CNN. Прычына ў тым, што ён набраў больш за 15% галасоў толькі ў трох апытаннях, а для ўдзелу ў дэбатах трэба не менш за чатыры.

«Байдэн і Трамп не жадаюць праводзіць са мной дэбаты, а CNN незаконна пагадзіўся на іх умовы. Гэта не па-амерыканску і баязліва», — пракаментаваў сітуацыю сам Кенедзі-малодшы.

Трамп рабіў супярэчлівыя заявы наконт свайго магчымага канкурэнта: у красавіку ён называў Кенедзі-малодшага «добрым хлопцам, які можа нашкодзіць Байдэну», а ў маі — «самым тупым прадстаўніком клана Кенедзі».

Дэмакраты хутчэй негатыўна настроены ў адносінах да Кенедзі-малодшага: непублічна яны таксама гавораць пра радыкалізм магчымага кандыдата і адзначаюць, што яго палітычныя перавагі далёкія ад перакананняў яго бацькі.

Як паказваюць апытанні, за Кенедзі-малодшага гатовы галасаваць аматары тэорый змоў, адмоўнікі каранавіруса, вельмі левыя і вельмі правыя, а таксама людзі, якія гавораць аб сваім расчараванні ад палітыкі.

Сам Кенедзі-малодшы, у прыватнасці, называў Covid-19 генна-інжынернай біязброяй і параўноўваў меры па барацьбе з каранавірусам з нацысцкімі парадкам.

Сталі вядомыя правілы дэбатаў Трампа з Байдэнам

Дональд Трамп апублікаваў першае відэа ў тыктоку

Зяленскі мяркуе, што Трамп можа стаць «прэзідэнтам-лузерам»

«Вінаваты па ўсіх пунктах». Прысяжныя вынеслі вердыкт па гістарычнай справе супраць Трампа

Nashaniva.com