Латушка падтрымаў ідэю Польшчы закрыць мяжу з Беларуссю для тавараў, але заклікаў захаваць пераходы для людзей

Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў заяву міністра замежных справаў Польшчы пра магчымае закрыццё ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Ён кажа, што важна захаваць для беларусаў магчымасць ездзіць у ЕС.

23.06.2024 / 08:59

Павел Латушка падтрымаў ідэю польскага боку закрыць усе грузавыя пераходы на беларуска-польскай мяжы. 

Ён лічыць, што гэта можа паспрыяць таму, што Лукашэнка «спыніць суўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны, спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў, вызваліць палітвязняў, спыніць гібрыдную вайну з выкарыстаннем мігрантаў». 

«Адначасова мы выступаем за тое, каб працягвалі дзеяць пасажырскія пункты пропуску для грамадзянаў Беларусі дзеля таго, каб захаваць магчымасць камунікацыі беларусаў з ЕС», — адзначыў Латушка. 

Учора міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі дапусціў магчымасць закрыцця ўсіх пераходаў на мяжы з Беларуссю.«Мы зараз вывучаем, якія наступствы гэта будзе мець для нашай эканомікі, каб менавіта Лукашэнка адчуў наступствы, а не мы», — сказаў ён.

Асноўная прычына — сітуацыя з інспіраваным рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна мігранцкім крызісам на мяжы, які цягнецца ўжо з 2021 года, а апошнім часам зноў абвастрыўся.

«Фіны закрылі памежныя пераходы з Расіяй, і праблемы скончыліся», — дадаў міністр.

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічаюць усяго два пункты пропуску: «Кукурыкі» («Казловічы») для грузавых перавозак і «Тарэспаль» («Брэст») — для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.

Раней, у канцы мая, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, наадварот, заяўляў, што магчымае адкрыццё КПП «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю, закрытага 10 лютага 2023 года. Але непасрэдна пасля гэтых слоў адбыўся новы віток мігранцкага крызісу, у ходзе якога нават загінуў польскі вайсковец. Таму гэтыя планы адразу сталі неактуальнымі.

Польшча разглядае магчымасць закрыць рэшту пераходаў на мяжы з Беларуссю

Анджэй Дуда паляцеў у Кітай і будзе там гаварыць пра Беларусь

Польскі банк Santander дыскрымінуе беларусаў па ўласнай ініцыятыве

Nashaniva.com