Анджэй Дуда паляцеў у Кітай і будзе там гаварыць пра Беларусь
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адправіўся з афіцыйным візітам у Кітай. Як паведамляе ягоная прэс-служба, найважнейшымі пытаннямі, якія будуць абмяркоўвацца падчас гэтага візіту — бяспека і эканоміка.
22.06.2024 / 18:26
Анджэй Дуда. Фота: AP Photo/Andrew Harnik
Падчас знаходжання ў Кітаі ў Дуды запланаваныя сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і кіраўніком урада гэтай краіны Лі Цянам. Таксама польскі лідар возьме ўдзел у летнім Сусветным эканамічным форуме ў Даляні і ў польска-кітайскім эканамічным форуме ў Шанхаі.
Перад выпраўленнем у Кітай на адмысловым брыфінгу Анджэй Дуда адзначыў, што ў гэтым візіце вельмі важным будзе палітычны кампанент.
«Мы маем вайну ва Украіне, а таксама гібрыдную атаку Беларусі на польскую мяжу, дзе беларускія ўлады ўжо тры гады пастаянна штурхаюць нам мігрантаў, прымушаючы іх спрабаваць незаконна перасекчы мяжу», — адзначыў польскі прэзідэнт.
Адна з найважнейшых ідэй Кітая — гэта так званая ініцыятыва Пояса і Шляху, якая ўключае стварэнне транспартных шляхоў, якія дазвалялі б дастаўляць кітайскія тавары ў Еўропу па зямлі. Пры гэтым адзін з найважнейшых чыгуначных маршрутаў праходзіць праз Беларусь.
Гэты маршрут, які праходзіць праз Беларусь, сёння падвяргаецца абмежаванням з-за гібрыднай атакі, якую ажыццяўляюць беларускія ўлады на польскую мяжу, і пра гэта Анджэй Дуда таксама мае намер гаварыць з Сі Цзіньпінам.
«Адносіны Кітая з Беларуссю традыцыйна дружалюбныя. Я хачу прадставіць гэтую сітуацыю старшыні КНР Сі Цзіньпіну. І расказаць, з чым мы сутыкаемся», — заявіў Дуда.
«Гэты візіт вельмі важны для нашай бяспекі ў Еўропе. Мы ведаем, што Кітай — звышдзяржава, мы ведаем, што ў яго сяброўскія адносіны не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй, а Расія сёння з'яўляецца агрэсарам ва Украіне. І гэта тое, што я хачу абмеркаваць са старшынёй Сі Цзіньпінам. Ні для каго не сакрэт, што ўплыў Кітая, у тым ліку і на Расію, безумоўна, вялікі. Прадставіць наш пункт гледжання на гэтае пытанне старшыні Сі Цзіньпіну, на мой погляд, вельмі важна», — дадаў палітык.
Перамовы Дуды і Сі Цзіньпіна запланаваныя на 24 чэрвеня, у той жа дзень плануецца сустрэча з кітайскім прэм'ерам Лі Цянам і іншымі сябрамі ўрада.
Прэзідэнт Польшчы згадаў Беларусь сярод неабходных краін у зоне бяспекі Ініцыятывы трох мораў
Дуда заявіў пра гатоўнасць Польшчы размясціць у сябе ядзерную зброю
«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай
Польскі ўрад не стаў даваць сваім памежнікам «ліцэнзію на забойства»
Турысты на польска-беларускай мяжы сталі атрымліваць трывожныя эсэмэскі. Ці варта панікаваць?