«Галаваломка 2» — неймаверны поспех ці пасрэднасць? Што адбываецца са студыяй Pixar
У пракат выйшла другая частка анімацыйнага фільма «Галаваломка» («Inside Out») пра эмоцыі, якія жывуць у галаве звычайнай дзяўчынкі. І хоць сіквел сабраў рэкордную касу за першыя дні прэм’еры, ён — яскравы прыклад крызісу знакамітай амерыканскай студыі.
22.06.2024 / 21:49
Фрагмент постара да фільма
У сіквеле Райлі, звычайная амерыканская дзяўчынка, за чыім бунтам супраць бацькоў, якія перавезлі сям’ю ў іншы горад, мы назіралі ў арыгінальным фільме, адаптавалася на новым месцы, завяла сабе сябровак у школе, а Радасць і Маркота ў ейнай галаве нарэшце знайшлі баланс. Але 13-гадовую выдатніцу і паспяховую маладую хакеістку, чые поспехі, здавалася б, ужо сфарміравалі ўстойлівую асобу, чакае цэлы шэраг выклікаў, якія здольныя расхістаць псіхіку любога.
Дзяўчынку пасля паспяховага матча заўважае трэнерка спартыўнай каманды старэйшай школы, што можа зрабіць яе паспяховай сярод старшакласніц і даць білет у жыццё, але адначасова ўскладае на яе неверагодную адказнасць. Паралельна яна даведваецца, што ейныя сяброўкі пасля летніх канікул пяройдуць у іншую школу.
Трывожная кнопка пубертату не прадказвае нічога добрага. Кадр з фільма
Цяжкі пачатак пубертату. Кадр з фільма
Узрушэнне правакуе ў ёй незваротныя змены — раніцай наступнага дня яна прачынаецца ў стане, калі ўсе эмоцыі выкручаныя на поўную магутнасць. Сігнал трывогі пра надыход пубертату, які гучыць у Цэнтры кіравання эмоцыямі ў ейнай галаве, азначае, што старым знаёмым — Радасці, Страху, Агідзе, Гневу і Маркоце, — давядзецца пацясніцца, а можа і саступіць новым, больш складаным эмоцыям.
Справы хутка прыбірае да сваіх рук лагічная і неспакойная Трывожнасць, якой дапамагаюць маленькая Зайздрасць, бамбіза Сорам, які хаваецца па самы нос у сваім худзі пры любой магчымай нагодзе, і лянівая Хандра, якая кіруе з канапы праз свой смартфон.
Трывожнасць з багажом комплексаў. Кадр з фільма
Райлі аказваецца перад складаным выбарам: уліцца ў новую кампанію старшакласніц-хакеістак, стаць такой, як яе крашыха — капітанка школьнай каманды, або заставацца са сваімі сяброўкамі, з якімі вельмі хутка будзе бачыцца вельмі рэдка. Трывожнасць стварае неверагодную колькасць карцінак пра тое, чым можа скончыцца тое ці іншае дзеянне, штурхаючы дзяўчыну па «правільным шляху». У самы нязграбны, няёмкі і няўтульны перыяд сталення новыя эмоцыі адчуваюць сябе сапраўднымі панамі.
Сорам, Трывожнасць, Зайздрасць і Хандра — ці змогуць новыя эмоцыі справіцца з новымі выклікамі? Кадр з фільма
Старым, простым эмоцыям давядзецца прайсці праз мноства выпрабаванняў, каб вярнуць Райлі яе «Я» і прызнаць уласныя памылкі.
На шляху да Звалкі выцесненых успамінаў мы пабываем у Сховішчы таямніц, сапраўднай турме для «guilty pleasure» (саромных задавальненняў), перад Безданню сарказму, на Парадзе прафесій, у цэнтры Мазгавога шторму з тысяч карысных і не вельмі ідэй.
Прыгожа, міла, месцамі вынаходліва… і абсалютна другасна. Сама гісторыя атрымалася трывіяльнай, калі не горш — самапаўторам: канфлікт паўтарае той, што быў у арыгінальным фільме, толькі персанажаў стала ў два разы болей.
Райлі давядзецца выбіраць паміж паспяховымі старшакласніцамі і сваімі сяброўкамі. Кадр з фільма
Візуальных знаходак не так шмат — двухмерную рысоўку персанажаў у трохмернай анімацыі мы ўжо бачылі не раз, а ўсё астатняе дасталася ў спадчыну ад папярэдняга фільма. Параўнанне з першай часткай, якая выйшла 9 гадоў таму, непазбежнае, і, на вялікі жаль, не на карысць сіквела.
Але гледачы за дынамікай і візуалам быццам не заўважаюць гэтай другаснасці — за першы тыдзень пракату новы мультфільм ад студыі Pixar сабраў рэкордную касу, больш за яго ў гэтым годзе сабрала толькі другая частка «Дзюны» Дэні Вільнёва.
Эмоцыі сочаць, каб асоба Райлі будавалася з правільных перакананняў. Кадр з фільма
Папярэднім лепшым вынікам адзначылася «Суперсямейка 2», якая таксама паўтарала канфлікт арыгінальнай часткі.
У «Галаваломцы 2» некалькі разоў можна пабачыць «камеа» Настальгіі ў ружовых акулярах. І выглядае яна як іранічная пасхалка ад стваральнікаў, якія добра ўсведамляюць, што эксплуатуюць пачуцці настальгіі сваіх гледачоў для камерцыйнага поспеху. І ў гэтым яны не адзіныя — у гэтым годзе цяжка знайсці паспяховы фільм ці серыял, які б не быў сіквелам, прыквелам ці спін-офам.
«Камеа» Настальгіі. Кадр з фільма
Мультфільмы для ўсіх і кожнага
Студыя была заснаваная ў 1979 годзе Джорджам Лукасам пасля поспеху «Зорных войнаў», як камп’ютарнае падраздзяленнем Lucasfilm. У канцы 1990 — пачатку 2000-х Pixar стаў флагманам у камп’ютарнай анімацыі, выпусціўшы шэраг культавых стужак — «Гісторыя цацак», «Карпарацыя монстраў», «У пошуках Нема».
У Сховішчы таямніц эмоцыі пазнаёмяцца з самымі саромнымі сакрэцікамі Райлі. Кадр з фільма
Анімацыя студыі Pixar займае асаблівае становішча. І справа тут не толькі ў наватарскай і свежай для свайго часу камп’ютарнай графіцы.
Сакрэт анімацыйнай студыі ў тым, што яе фільмы ніколі не былі проста забавай для дзяцей. Яны былі разлічаны на ўсю сям’ю — розныя пакаленні маглі адшукаць у гісторыях свой пласт.
Важную ролю адыграла і надзвычайная творчая вынаходлівасць стваральнікаў — кожны фільм быў сапраўды здзіўляў арыгінальнасцю. На хвалі ўздыму тагачаснае кіраўніцтва студыі лічыла сіквелы «крэатыўным банкруцтвам».
Як па блокбастарах вялікіх кінастудый можна меркаваць пра змены ў палітыцы, так анімацыі Pixar сталі люстэркам зменаў у сацыяльных нормах і этычных трансфармацыях.
У іх адлюстравалася і вяртанне да традыцыяналізму, калі рамантычныя лініі становяцца няважнымі, а на першы план выходзяць узаемаадносіны ў сям’і і павага да старэйшых пакаленняў, і пазбяганне канфліктаў — героі больш не супрацьстаяць злыдням, сюжэтны канфлікт спараджаюць абставіны і непаразуменне паміж бакамі, у кожнага з якіх свая праўда, якую можна зразумець і прыняць.
Бунт герояў супраць асяроддзя, традыцыі, атачэння падмяняецца імкненнем да захавання парадку і павагі да старэйшых.
Тэма сям'і, як у традыцыйны крэўным разуменні, так і ў сучасным, якое ўключае блізкіх сяброў — агульны трэнд у анімацыі Pixar. Кадр з фільма
У сваіх фільмах Pixar, забаўляючы дзяцей арыгінальнымі героямі і візуальнымі атракцыёнамі, знарок закранаюць складаныя тэмы, якія нярэдка выварочваюць душу ў дарослых гледачоў: раптоўная смерць блізкіх, дажыванне старасці ў адзіноце, прыняцце людзей з ментальнымі разладамі, складанасці адаптацыі мігрантаў у новым грамадстве, аднаполыя стасункі (а вы думалі цацкі Уця і Зая проста так сшытыя разам?), сувязь паміж пакаленнямі, захаванне гістарычнай памяці, самарэалізацыя ў прафесіі.
У фільмах серыі «Галаваломка» стваральнікі даследуюць тэмы сталення і сепарацыі ад бацькоў. У другой частцы ўзнімаюцца пытанні балансу паміж кар’ерным поспехам і зносінамі — што з гэтага важней, каб заставацца сабой? І якая роля траўматычнага досведу ў станаўленні нашай асобы?
Кар'ера ці адносіны — складаны выбар, з якім сутыкаюцца многія. Кадр з фільма
Але, прызнацца, ніякіх адкрыццяў адказы не прыносяць, а сама праблематыка, здавалася б, такая актуальная для кожнага, не чапляе. Пасля іншых фільмаў Pixar, якія выцягвалі глыбокія перажыванні — не за герояў, а за сябе, — «Галаваломка 2» выглядае пасрэднай працай. Студыі ўсё цяжэй пераадольваць тую высокую планку, якую яна сама задала раней.
Не той Pixar
Пра крызіс у Pixar гавораць даўно. Першыя яго праявы адзначыліся ў 2006 годзе, калі студыю набыла карпарацыя Walt Disney Studios. Дзейнасць Pixar, як лічаць кінакрытыкі, стала больш камерцыйнай, менш увагі звярталася на індывідуальнасць і мастацкую вартасць праектаў.
Кіраўніцтва палічыла, што глыбокая прапрацоўка гісторый, якія маюць некалькі пластоў разумення, цяжкія для ўспрымання і затратныя для рэалізацыі. Працу з камп’ютарнай графікай на выдатным узроўні асвоілі многія іншыя студыі, рэалістычны стыль Pixar перастаў быць свежым на фоне іншых.
Няёмкага сораму ў час сталення шмат не бывае. Кадр з фільма
Кінастудыя, якая калісьці выпускала наватарскія па сюжэце і візуальным выкананні праекты, за дзесяцігоддзі поспеху ператварылася ў гіганта, які можа працягваць існаваць толькі наладзіўшы канвеерную вытворчасць. Найпрасцейшы шлях — рабіць працягі таго, што раней добра сябе паказала.
Пад кіраўніцтвам Disney студыя выпусціла мноства сіквелаў: «Тачкі 2» і «Тачкі 3», «Гісторыя цацак 4», «Суперсямейка 2», «У пошуках Доры» і інш. Палітыка зразумелая — новыя песні пішуць тыя, у каго старыя дрэнныя.
Тым не менш, студыя выдавала, нароўні і з чыста камерцыйнымі прадуктамі, і сапраўдныя перліны ў сваім жанры, з якіх можна назваць мультфільмы «Уверх», «Таямніца Како», «Наперад», «Душа» — і амаль усе яны не сабралі тую касу, на якую разлічвалі стваральнікі. «Добры дыназаўр» увогуле стаў буйным правалам студыі.
Трывожнасць бывае карыснай, каб дасягнуць мэты, але жыць у пастаяннай трывозе — сапраўднае пекла. Кадр з фільма
Моцна ўдарыў па студыі і каранавірус, з-за якога прэм’еры або пераносіліся, або выходзілі на стрымінгавых, што адбілася на касавых зборах.
У такіх умовах зразумела, што Disney будзе яшчэ мацней прытрымлівацца практыкі бясконца множыць працягі паспяховых мультфільмаў і менш рызыкаваць з эксперыментальнымі амбіцыйнымі праектамі.
Працягі, вядома, не святочны торт, а чорны хлеб, але і ў іх студыі часам удаецца праявіць сябе з найлепшага боку — «Гісторыя цацак 4», па нашым суб’ектыўным меркаванні, аказалася найлепшым і найглыбейшым фільмам серыі, стаўшы пры гэтым неверагодна паспяховым у камерцыйным плане. Але «Галаваломка 2», нягледзячы на камерцыйны поспех, не можа пахваліцца нічым падобным.
Гендарныя квоты ў постапакаліпсісе. «Фурыёса» — ці атрымаўся новы галівудскі баевік?
Год фантастычных серыялаў: Дом Цмока, Пярсцёнкі ўлады, Дзюна
Выйшаў амерыканскі серыял, зняты па дэтэктыве ўнука выхадцаў з Беларусі