«Мы сядзім за адным сталом». Польскія айцішнікі заступіліся за беларусаў перад Тускам

Польская асацыяцыя распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння (SoDA) звярнулася да кіраўніка ўрада Польшчы Дональда Туска з нагоды яго нядаўняга выказвання пра беларускіх айцішнікаў.

21.06.2024 / 17:09

Дональд Туск. Фота: AP

Туск, крытыкуючы міграцыйную палітыку папярэдняга ўрада, заявіў, што прыцягненне беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць у Польшчы «замежную агентуру».

У SoDA расказалі, што ў IT-індустрыі ўспрынялі гэтыя словы з неразуменнем і трывогай. Многія прадстаўнікі галіны палічылі гэту заяву несправядлівай.

У звароце адзначаецца, што польская сфера IT дагэтуль б'ецца над праблемай прыцягнення новых кваліфікаваных кадраў. І адным з рашэнняў стала запрашэнне беларусаў па праграме Poland. Business Harbour. У тэксце згадваецца статыстыка, па якой больш за 100 тысяч беларусаў жывуць у Польшчы на падставе дазволу на жыхарства, у тым ліку 40 тысяч ужо валодаюць дазволам на пастаяннае пражыванне.

«Многія з гэтых людзей валодаюць унікальным вопытам і навыкамі ў ІТ-індустрыі, якія цэняцца і запатрабаваныя ва ўсім свеце.

Для нас — IT-індустрыі — гэта калегі, з якімі мы сядзім за сталом і прапускаем адзін аднаго ў калідоры. Словы, выказаныя адным з самых важных людзей краіны, былі для іх цяжкімі для разумення», — адзначаецца ў тэксце звароту.

У SoDA называюць пераезд беларускіх кампаній і спецыялістаў адным з важных элементаў, які падтрымлівае польскі IT-сектар.

«За апошнія некалькі гадоў сотні беларускіх тэхналагічных кампаній і тысячы праграмістаў пераехалі ў Польшчу, падтрымліваючы мясцовыя IT-кампаніі, адкрываючы індывідуальныя прадпрыемствы і тым самым плацячы падаткі ў нашай краіне. Такі прыток высокакваліфікаваных спецыялістаў спрыяе павышэнню кампетэнцый у сферы IT, што вельмі важна для развіцця інавацый і новых тэхналогій у нашай краіне», — гаворыцца ў заяве.

Беларускія спецыялісты прывезлі ў Польшчу не толькі веды, але і досвед працы ў міжнародных праектах — дзякуючы гэтаму польскія кампаніі атрымліваюць доступ да найноўшых методык і тэхналогій, што павышае канкурэнтаздольнасць кампаній на сусветным рынку.

«Варта падкрэсліць, што падтрымка беларускіх IT-спецыялістаў і тэхналагічных кампаній — гэта не толькі маральны абавязак, але і стратэгічная інвестыцыя ў будучыню нашай эканомікі. Інтэграцыя гэтых спецыялістаў з польскім рынкам працы прыносіць карысць абодвум бакам, ствараючы новыя працоўныя месцы і стымулюючы развіццё інавацыйных праектаў», — адзначаюць у SoDA.

Арганізацыя просіць урад і лідараў грамадскай думкі «разам працаваць для стварэння дружалюбнага асяроддзя для беларускіх кампаній і IT-спецыялістаў». SoDA просіць улады з асцярожнасцю ставіцца да слоў аб індустрыі і не ствараць ілжывыя наратывы.

Туск: Прыцягненне ў Польшчу беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць «замежную агентуру»

У Польшчы правяраюць сувязь затрыманых па абвінавачанні ў падпалах беларусаў з візавай праграмай Poland. Business Harbour

Беларус арганізаваў нелегальную міграцыю ў Польшчу як мінімум 2000 чалавек

Ці зменіцца сітуацыя з візамі і як яшчэ можна будзе караць сілавікоў, што запэцкаліся катаваннямі — расказвае Латушка

У Польшчы правяраюць кампаніі, якія прыцягвалі беларусаў па праграме Poland. Business Harbour. Першыя вынікі шакуюць

Nashaniva.com