У Польшчы правяраюць кампаніі, якія прыцягвалі беларусаў па праграме Poland. Business Harbour. Першыя вынікі шакуюць
Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю праводзіць праверкі ў IT-кампаніях, якія прыцягвалі замежных работнікаў па візавай праграме Poland. Business Harbour. У ходзе праверкі плануецца высветліць, ці выкарыстоўваліся гэтыя візы па прызначэнні, піша Rzeczpospolita.
Праграму PBH запусцілі ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з постсавецкіх краін, перш за ўсё Беларусі. Яна ўключала выдачу нацыянальнай візы D23, юрыдычную падтрымку пры пераездзе, дапамогу ў кантактах з органамі самакіравання, СЭЗ, інвестарамі, а таксама гранты.
З 26 студзеня гэтага года Польшча закрыла праграму. МЗС краіны заявіў, што яна не апраўдала надзей; раней узнікалі сумневы ў мэтавым выкарыстанні віз.
Ужо першыя высновы, якія прыводзіць польскае выданне Rzeczpospolita, паказваюць істотнае разыходжанне ў даных розных ведамстваў.
Паводле звестак МЗС, з 2020 года Польшча выдала толькі грамадзянам Беларусі 93046 віз PBH. Паводле ж статыстыкі польскай памежнай службы, з 2020 года ў краіну па візах PBH заехала ўсяго каля 15 тыс. чалавек усіх нацыянальнасцяў. Напрыклад, у 2023 годзе па гэтым тыпе віз у краіну прыехалі 2184 беларусы.
На стане на гэты момант агенцтва інвестыцый атрымала інфармацыю ад 30 кампаній галіны з 50 запытаных, і аказалася, што толькі па «бізнэс-шляху» візы PBH атрымалі 13,6 тыс. спецыялістаў, з якіх 9,5 тыс. рэлакаваліся ў Польшчу, а 8,4 тыс. таксама падалі дакументы на часовы дазвол на жыхарства. Праўда, даныя не ўлічваюць членаў сем'яў супрацоўнікаў.
«Інфармацыя, атрыманая ад кампаній, паказвае, што некаторыя супрацоўнікі адмовіліся ад рэлакацыі на розных этапах, у тым ліку пасля атрымання візы, і засталіся, напрыклад, у Беларусі праз падатковыя ці сямейныя праблемы», — сказаў Марцін Грачык, прэс-сакратар агенцтва.
Чытайце таксама:
«Не апраўдала надзей». Палякі патлумачылі, чаму прыпынілі візавую праграму Poland. Business Harbour
Каментары