Камуністы нечакана выступілі супраць перайменавання вуліцы Каліноўскага ў Мінску
Сваю пазіцыю яны аргументуюць досыць арыгінальна.
20.06.2024 / 21:32
Памятная дошка Кастусю Каліноўскаму на вуліцы Каліноўскага ў Мінску. Фота: Радыё Свабода
Зварот супраць перайменавання вуліцы Каліноўскага ў вуліцу 17 Верасня апублікаваў тэлеграм-канал «Сабліна». Каардынацыйны савет левапатрыятычных сіл «Адзінства» разаслаў яго Аляксандру Лукашэнку, старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігару Сергеенку, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, старшыням Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву і Мінгарсавета Арцёму Цурану.
У канцы мая прарасійская арганізацыя «Рух Саюз», за якой стаяць Мікалай Сяргееў, Леў Крыштаповіч, Сяргей Лушч і Дзмітрый Семчанка, звярнулася да Палаты прадстаўнікоў і Мінгарсавета з прапановай перайменаваць сталічную вуліцу Каліноўскага ў вуліцу 17 Верасня, аргументуючы гэта тым, што імя паўстанца ў якасці нацыянальнага сімвала прапануюць ворагі рэжыму Лукашэнкі. Яны распачалі збор подпісаў пад адпаведнай петыцыяй. Прапанову падтрымалі прапагандыст Рыгор Азаронак і прыхільнік заходнерусізму, дэпутат Вадзім Гігін.
Адной з фармальных прычын з'яўлення такога звароту ад «Руху Саюз» да ўладаў называецца перайменаванне ў красавіку гэтага года Беларускай вуліцы ў Адэсе ў гонар беларускага нацыянальнага героя.
Прарасійскія сілы з арганізацыі «Рух Саюз» на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры «Спутнік — Беларусь» заявілі пра патрабаванне перайменаваць вуліцу Каліноўскага. Фота: Спутнік
Нечакана супраць гэтай прапановы, агучанай у звароце прарасійскіх сіл, выступілі камуністы.
У сваім звароце пад загалоўкам «Супраць перапісвання гісторыі» камуністы адкінулі недарэчныя абвінавачванні ў адрас асобы Каліноўскага: маўляў, ёй спекулююць «неабандэраўцы і шэраг іншых халуёў сусветнага імперыялізму».
Яны адзначылі, што розныя сілы, у тым ліку калабарацыяністы, спрабавалі выкарыстаць для «антысавецкай прапаганды» паўстанне 1863 года і імя Каліноўскага, але гэта не адвярнула ад іх савецкіх гісторыкаў.
На спробы выставіць дзейнасць Каліноўскага антыбеларускай, адкрыта прапольскай на падставе вытрымак з «Лістоў з-пад шыбеніцы» камуністы адказалі абвінавачваннем прарасійскіх актывістаў у тым, што яны змаўчалі пра шматлікія выказванні паўстанца супраць царскага самадзяржаўя і «паноў», пра яго заклікі да рэвалюцыйнай барацьбы і пра тое, што нават пад шыбеніцай ён крычаў «У нас няма дваран, у нас усе роўныя!»
Камуністы звярнулі ўвагу, што ў «Вялікай савецкай энцыклапедыі», «Беларускай савецкай энцыклапедыі», «Гісторыі Беларускай ССР» і ў даследаваннях выбітных гісторыкаў дзейнасць Каліноўскага ацэньвалася станоўча. А таму прысваенне вуліцам імя Каліноўскага, «змагара супраць прыгнёту сялянства з боку царызму і памешчыкаў», за савецкім часам выглядае цалкам абгрунтаваным. Прытым адбылося гэта яшчэ ў часы да «перабудовы».
Аўтары звароту адзначылі, што неабходнасць вуліцы 17 Верасня не выклікае сумненняў.
Але перайменаванне вуліцы Каліноўскага яны лічаць правакацыяй, скіраванай на дэсаветызацыю беларускай гістарычнай навукі, на перапісванне гісторыі краіны. «Што непазбежна выкліча зусім непатрэбную дадатковую напружанасць у грамадстве».
Аўтары звароту таксама прыгадалі словы Аляксандра Лукашэнкі наконт асобы Каліноўскага.
«Я ведаю ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі, там было вельмі шмат нюансаў. Я сваіх палітыкаў і вучоных перасцерагаю ад таго, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, не ўдарыліся ў нейкую палітыку. Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенешся», — прызнаваўся ў 2019 годзе Лукашэнка.
У канцы звароту камуністы заклікалі не дапусціць перайменавання, бо гэта нанясе шкоду аўтарытэту Беларусі, а таксама паставіць яе ў адзін шэраг з Украінай, дзе «перапісванне гісторыі стала складнікам яе дэсаветызацыі і дэкамунізацыі, што мае самыя негатыўныя наступствы для яе народа».
Васіль Зелікаў, Генрых Сіманоўскі, Леанід Школьнікаў і Валерый Драко выступаюць за захаванне імя Каліноўскага. Фота: EADaily
Пад зваротам левапатрыятычных арганізацый падпісаліся былы дэпутат Валерый Драко, старшыня савета аб'яднання «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», Васіль Зелікаў, старшыня грамадскага аб'яднання «Айчына», Леанід Школьнікаў, сакратар аб'яднання «За Саюз і Камуністычную партыю Саюза», і Генрых Сіманоўскі, сакратар каардынацыйнага савета «Адзінства».
У 2020 годзе гэтыя ж людзі заклікалі тэрмінова разабрацца з бчб-сцягам «па законе»: пакінуць адзін-два экзэмпляры ў музеі, усе ж астатнія знішчыць, а за выкарыстанне «лжэсімволікі» ўвесці адказнасць.
Жыхары папрасілі перайменаваць вуліцу Калініна ў Гомелі і вуліцу Леніна ў Віцебску
Неанацыст Лушч збірае подпісы, каб перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Мінску ў вуліцу 17 Верасня
У Магілёве хочуць назваць праспект у гонар Адзінства. Над назвай думалі некалькі гадоў
З помнікам паўстанцам 1863 года ў Вільні ўзнік нечаканы паварот. Яго могуць нават дэмантаваць