«Падсанкцыйныя» аўто са Штатаў прапануюць дастаўляць у Беларусь праз Грузію. Наколькі гэта даражэй?

З 4 чэрвеня Літва і іншыя суседнія краіны ЕС не прапускаюць у Беларусь машыны, маладзейшыя за 5 гадоў і з аб'ёмам рухавіка ад 1,9 літра. Ахвотным набыць такія аўто ў ЗША прапануюць дастаўку праз Грузію. Вось колькі гэта будзе каштаваць.

21.06.2024 / 10:13

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Зялёнае святло толькі для малалітражак

Праз некалькіх дзён пасля поўнага бану на афармленне машын, маладзейшых за 5 гадоў, аўто з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра пачалі зноў афармляць і выпускаць у Беларусь. 

Аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, па-ранейшаму не афармляюць на экспарт і не выпускаюць з ЕС у Беларусь, калі з моманту выпуску не прайшло 5 гадоў.

Людзям, якія ўжо набылі аўто ў Штатах, але іх машыны не паспелі адправіць у Клайпеду, прапануюць адпраўляць іх у грузінскі порт Поці. З Грузіі машыны аўтавозамі абяцаюць даставіць у Беларусь. 

Такі самы маршрут прапануюць і тым, хто толькі задумаўся пра куплю машыны ва ўзросце да 5 гадоў і з рухавіком, большым за 1,9 літра. Таксама пішуць, што Літва не афармляе ў Беларусь электракары і гібрыды ва ўзросце да 5 гадоў. Таму гэтыя машыны таксама трэба будзе дастаўляць праз Грузію.

Рыхтуйце грошы

Натуральна, што дастаўка машын такім шляхам будзе значна даражэйшай. Марская дастаўка будзе каштаваць больш прыблізна на 300 даляраў. За дастаўку аўтамабіля па сушы (з Грузіі ў Беларусь) называюць ад 2500-3000 даляраў. Для параўнання: з Клайпеды да Мінска дастаўка каштуе каля 1200 даляраў. 

Атрымліваецца, што праз ускладнёную лагістыку машыны са Штатаў з аб'ёмам рухавіка 1,9 літра і больш прыбавяць у цане каля 2-2,5 тысячы даляраў. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Купля некаторых аўто з-за акіяну можа страціць сэнс

Дадатковыя 2000-2500 даляраў зробяць куплю некаторых машын немэтазгоднай. У выпадках, калі мадэль будзе прадавацца, напрыклад, з рухавіком 1,5 і 2,0, то апошнюю відавочна купляць будзе без сэнсу. 

Але ў шэрагу папулярных мадэляў, якія вязуць са Штатаў, проста няма ў лінейцы рухавікоў з аб'ёмам да 1,9. Сярод іх, напрыклад, Ford Mustang, Chevrolet Camaro, BMW розных мадэляў.

Рэгістраваць аўтамабілі будуць па-новаму. З'явяцца машыны з вечнай рэгістрацыяй

У Беларусі прадаюць чатыры кабрыялеты, ад якіх можа сарваць дах 

Nashaniva.com