Французскія ультраправыя ціха выдалілі прапановы па паглыбленні супрацоўніцтва з Расіяй
Французская партыя «Нацыянальнае аб'яднанне» Марын Ле Пэн і Жардана Бардэла напярэдадні датэрміновых парламенцкіх выбараў непрыкметна выдаліла са свайго сайта шэраг супярэчлівых палітычных прапаноў.
18.06.2024 / 16:24
Марын Ле Пен і Жардан Бардэла. Фота: AP Photo/Thomas Padilla
Так, з сайта партыі, якую лічаць ультраправай, зніклі прапановы па паглыбленні дыпламатычнага супрацоўніцтва з Расіяй, прыпыненні абаронных праектаў з Германіяй і неадкладным выхадзе з аб'яднанага вайсковага камандавання НАТА, піша Politico.
Гэтыя прапановы былі часткай праграмы Марын Ле Пен на прэзідэнцкіх выбарах 2022 года. Тады партыя выступала за дыстанцыяванне ад Вашынгтона і «альянс з Расіяй у некаторых пытаннях», перш за ўсё ў сферы еўрапейскай бяспекі і барацьбы з тэрарызмам.
Акрамя таго, Ле Пен абяцала неадкладна выйсці з аб'яднанага вайсковага камандавання НАТА, а таксама «паставіць кропку» на сумесных з Германіяй абаронных праектах — сярод іх распрацоўка танкаў і знішчальнікаў наступнага пакалення.
Цяпер дакументы з гэтымі прапановамі зніклі з афіцыйнага сайта партыі. Раней лідар «Нацыянальнага аб'яднання» Жардан Бардэла заявіў, што Францыі не варта пакідаць вайсковае камандаванне НАТА да заканчэння вайны ва Украіне. А падчас кампаніі перад чэрвеньскімі еўрапейскімі выбарамі партыя абвінавачвала Расію ў парушэнні міжнароднага права.
«Нацыянальнае аб'яднанне» выйграла выбары ў Еўрапарламент у Францыі, набраўшы 31% галасоў — удвая больш, чым прэзідэнцкая кааліцыя «Адраджэнне». Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адрэагаваў на такія вынікі роспускам парламента і абвяшчэннем датэрміновых выбараў, якія пройдуць 30 чэрвеня і 7 ліпеня.
«Ідэальны зяць» і зорка TikTok: у Францыі прэм'ер-міністрам можа стаць 28-гадовы палітык
Макрон распусціў французскі парламент і абвясціў датэрміновыя выбары
Партыя Мары Лё Пэн разышлася з «Альтэрнатывай для Германіі»