Роўна чатыры гады таму арыштавалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў
Гэта быў дзень пасля якога канчаткова стала ясна, што дабром выбарчая кампанія не скончыцца.
18.06.2024 / 09:33
Экс-кіраўнік Белгазпрамбанка, які заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, які быў кіраўніком выбарчага штаба, везлі ў ЦВК сабраныя подпісы (тады было ўжо сабрана 368 тысяч подпісаў).
Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю для «правядзення следчых дзеянняў, звязаных з нявыплатай падаткаў і легалізацыяй незаконна атрыманых даходаў у рамках расследавання крымінальнай справы па Белгазпрамбанку»
Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.
Увечары таго ж дня сотні, калі не тысячы людзей выйшлі на праспект Незалежнасці пад моцнай залевай у знак пратэсту.
21 чэрвеня Віктару Бабарыку было выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»), ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, здзейсненае паўторна, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры»), а таксама па ч. 2 арт. 431 («Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры»).
Пазней абвінавачванне па ч. 2 арт. 431 КК («Дача хабару паўторна або ў буйной суме») было перакваліфікавана на ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча»). Таксама яму было прад'яўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва крупным памеры»).
У выніку ЦВК не зарэгістраваў кандыдытам у прэзідэнты, а праз год, 6 ліпеня 2021 года, яго асудзілі (суддзя Ігар Любавіцкі) да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пакаранне экс-банкір і мецэнат адбывае ў Наваполацкай калоніі, і ўжо 14 месяцаў, з 25 красавіка 2023 года, пра яго няма канкрэктнай інфармацыі.
У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 г. Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Таксама стала вядома, што палітвязня змясшчалі ў памяшканне камернага тыпу, калі дакладна гэта адбылося — невядома. Паведамлялася, што доўгі час зімой Бабарыка правёў у ШІЗА.
Эдуард Бабарыка два гады правёў у зняволенні, суд над ім пачаўся толькі ў маі 2023 года.
Былі выстаўленыя наступныя абвінавачванні:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх,
арт. 243 Крымінальнага кодэкса — Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў,
арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
5 ліпеня 2023 года яго асудзілі (суддзя Уладзімір Арэшка) на 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года, то-бок паўтара года.
Пакаранне адбывае ў Бабруйскай калоніі. З 1 красавіка 2024 г. Эдуарда ўтрымліваюць у ПКТ, заведзена крымінальная справа паводле арт. 411 КК.