12 гадоў за паветраныя шарыкі. У Расіі вынеслі прысуд украінцы, якую падманам угаварылі прыехаць са Швейцарыі ў Маскву і правесці акцыю пратэсту
У жанчыны ў Кіеве засталіся хворая на рак маці, дзед з дэменцыяй і двое дзяцей.
18.06.2024 / 07:58
Фота Аляксандра Астахава. Медыязона
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Крысціна Любашэнка з сям'ёй збегла з Кіева ў Швейцарыю. Грошай на жыццё не хапала, і яна паддалася на ўгаворы выпадковага знаёмага: паехаць у Расію і за ўзнагароджанне запусціць у Маскве шарыкі з бела-сіне-белым сцягам (колерамі пратэсту). Пазней да абяцанняў грошай дадаліся пагрозы і шантаж, паведамляе «Медыязона».
8 мая 2023 года ўкраінку затрымалі: на вызначаным месцы запуску яе ўжо чакалі аператыўнікі «Цэнтра Э». Учора 2 Заходні акруговы вайсковы суд прысудзіў 35-гадовую Крысціну да 12 гадоў зняволення, палічыўшы яе вінаватай у распаўсюдзе «фэйкаў» пра вайну і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі.
Пракурор патрабаваў для Крысціны яшчэ больш — 15 гадоў зняволення, прычым гэты тэрмін ён прасіў з улікам змякчальных абставінаў: раней не судзімая, у яе маленькія дзеці, хворыя маці і дзядуля. Пры кожным згадванні пра дачок і хворую маму ў падсуднай у судовым «акварыуме» пачыналі дрыжаць вусны.
Паводле версіі следства, 8 мая 2023 года ўкраінка паставіла калонкі на акно здымнай кватэры ў падмаскоўным горадзе Даўгапрудным і гучна ўключыла запіс з антываеннай прамовай і гімнам Украіны; гэта сілавікі палічылі распаўсюджваннем «фэйкаў» пра войска (пункты «б», «д» часткі 2 артыкула 207.3 КК).
У той жа дзень Любашэнка на таксі паехала на Вараб'ёвыя горы ў Маскве і запусціла ў неба паветраныя шарыкі з прывязаным да іх бела-сіне-белым сцягам.
Запуск шароў следства расцаніла як удзел у тэрарыстычнай арганізацыі (Частка 2 артыкула 205.5 КК): бела-сіне-белы сцяг выкарыстоўваюць многія расійскія антываенныя актывісты, але сілавікі лічаць яго сцягам легіёну «Свабода Расіі», прызнанага Вярхоўным судом Расіі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Разгляд справы Любашэнкі заняў усяго два дні.
Выступаючы ў спрэчках 17 чэрвеня, адвакат Людміла Пасмітная распавяла, што здарылася з яе падабароннай. Крысціна Любашэнка жыла ў Кіеве з хворай на рак маці, дзядулем з дэменцыяй і дзвюма дочкамі. Пасля 24 лютага 2022 года сям'я збегла ў Швейцарыю і атрымала там прытулак.
Але грошай на жыццё ім ледзь хапала. Аднойчы Любашэнка пазнаёмілася з суседам па імені Віталь Юрчанка, які, па словах адваката, «выдаваў сябе за ўцекача з Украіны». Мужчына спачатку даваў Любашэнцы ў доўг.
Потым ён папрасіў паехаць у Маскву і за грошы правесці там «мірную акцыю супраць вайны»: запусціць у неба жоўта-сінія шарыкі.
«Ні пра сцяг у каляровай гаме бел-сіне-белы, ні пра калонкі, з якіх павінен транслявацца гімн Украіны і тэкст, ніякай гаворкі на той момант не вялося», — падкрэсліла Пасмітная. Падсудная пацвердзіла гэта.
Менавіта Юрчанка, кажа абарона, купіў Крысціне квіток у адзін канец і зняў кватэру ў Даўгапрудным. Ён жа, са слоў адваката, старанна кантраляваў перамяшчэнні жанчыны і даваў ёй даручэнні.
Любашэнка прыбыла ў Маскву 5 мая 2023 года. Пасля гэтага Юрчанка запатрабаваў ад яе выставіць з акна кватэры калонкі з антываеннай прамовай.
Любашэнка кажа, што спачатку не хацела гэтага рабіць, але знаёмы пачаў пагражаць, што паведаміць у органы апекі пра дачок, якіх яна пакінула ў Швейцарыі, і іх забяруць у дзіцячы дом. Па словах абаронцы, перапіска, падчас якой Юрчанка шантажаваў жанчыну, ёсць у матэрыялах справы.
Украінка была вымушана пагадзіцца. 8 мая яна выставіла на акне калонкі з запісамі супраць вайны, а потым паехала на Вараб'ёвы горы запускаць шарыкі. Да шароў, па задумцы арганізатара, павінен быў быць прымацаваны бел-сіне-белы сцяг, які той назваў «сцягам міру».
Спачатку, распавяла адвакат, Любашэнка павінна была забраць сцяг са сховішча, але сцяга там не аказалася, так што жанчыне давялося пашыць яго самой з сіняй і белай тканіны.
Усімі гэтымі дзеяннямі кіраваў Юрчанка, які, са слоў абаронцы, «добра арыентаваўся» ў Маскве і Падмаскоўі. Любашэнка запусціла белыя шарыкі з кавалкам тканіны, і яе адразу ж затрымалі. Адвакат адзначыла, што палатно было прымацаванае да шароў за адзін канец,
так што распазнаць у ім сцяг цяжка: «да белых шароў прывязаная тканіна белага колеру, але так як дадзеная тканіна мацуецца за адзін канец, то абсалютна не відаць, ці ёсць на ёй палосы».
У судзе, як нагадала Пасмітная, дапыталі аператыўніка з Цэнтра па супрацьдзеянні экстрэмізму, які затрымліваў Крысціну Любашэнку. Са слоў паліцэйскага, ён загадзя атрымаў ад кіраўніцтва інфармацыю, што «нейкая асоба будзе ладзіць пратэсную акцыю» ў Маскве.
Незразумела, падкрэслівае абаронца, якім чынам сілавікі загадзя даведаліся дакладнае месца і час акцыі, пры гэтым аператыўнік запэўніваў, што на Вараб'ёвых гарах яны заўважылі Любашэнку выпадкова.
«Якім жа прафесійным нюхам валодаюць нашы аператыўныя супрацоўнікі, — іранізавала абаронца, — што змаглі адразу распазнаць у дзяўчыне з шарыкамі, што выйшла з таксі, экстрэмістку і тэрарыстку, бо гэта так незвычайна — сустрэць на вуліцах Масквы дзяўчыну з шарыкамі».
Выступаючы ў судзе, адвакат Пасмітная падкрэсліла, што адзіны доказ віны Любашэнкі — гэта пратаколы допыту ад 10 мая з пацвярджальнымі паказаннямі, але і тыя былі атрыманыя незаконна.
Па-першае, допыт нібыта праходзіў у ІЧУ, дзе няма ні камп'ютара, ні прынтара, аднак паказанні надрукаваныя, а не напісаныя ад рукі.
Па-другое, інтарэсы Любашэнкі па пагадненні прадстаўляў адвакат з Растоўскай вобласці Васіль Дамарадскі, якога ні яна сама, ні хто-небудзь з яе блізкіх не наймаў. Са слоў абаронцы, следчы прыйшоў да Любашэнкі ў ІЧУ з «загадзя складзенымі пратаколамі допытаў» і «кішэнным» адвакатам.
«Любашэнка, не чытаючы і ўнікаючы ў тэкст загадзя складзеных паказанняў, падпісвае гэтыя пратаколы, бо і следчы, і адвакат пераконваюць яе, што з ёй нічога страшнага не будзе, хутка справу накіруюць у суд, там асудзяць на ўмоўны тэрмін за хуліганства, і яна вернецца да сябе дадому», — распавяла абаронца.
Спачатку ўкраінцы сапраўды ставілі ў віну толькі хуліганства, але пазней зрабілі больш строгім абвінавачванне.
Адвакат прасіла суд закрыць справу праз адсутнасць прыкмет складу злачынства.
Крысціна Любашэнка ў спрэчках выступала на ўкраінскай мове. Вінаватай сябе яна не прызнае. «Як це діло зробилось, я думаю, вам всім зрозуміло», — сказала яна.
Знатака Іллю Новікава завочна асудзілі ў Расіі на восем з паловай гадоў
У Гомелі асудзілі ўраджэнца Камчаткі, якога за ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне памілаваў Пуцін