Супрацоўнікі растоўскага СІЗА-1, якіх утрымлівалі ў закладніках, вызваленыя. Зняволеныя — забітыя

Супрацоўнікі растоўскага СІЗА-1, якіх утрымлівалі ў закладніках, вызваленыя. Штурм доўжыўся каля трох хвілін. «Інтэрфакс» піша, што ўсе злачынцы забітыя. 

16.06.2024 / 12:07

Як перадае агенцтва «Інтэрфакс», злачынцы, якія захапілі ў закладнікі супрацоўнікаў ФСВП у растоўскім СІЗА, былі ліквідаваныя, закладнікі не пацярпелі.

Раніцай 16 чэрвеня асуджаныя, якія ўтрымліваліся ў Растоўскім СІЗА-1, захапілі ў закладнікі двух супрацоўнікаў установы. Па даных ТАСС, у захопе закладнікаў удзельнічалі шасцёра ўраджэнцаў Інгушэціі, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні тэрарыстычных злачынстваў. Паведамляецца, што да захопу яны рыхтаваліся некалькі месяцаў. 

Сярод захопнікаў — фігуранты спраў аб злачынствах тэрарыстычнай накіраванасці — Шаміль Акіеў, Тамерлан Гірэеў і Азамат Цыцкіеў былі асуджаныя ў снежні 2023 года за ўдзел у ІДІЛ і падрыхтоўку тэракту (яны, паводле следства, планавалі напасці на будынак Вярхоўнага суда Карачаева-Чаркесіі). Гірэеў і Акіеў былі прысуджаныя да 18 гадоў пазбаўлення волі, а Цыцкіеў — да 18 з паловай гадоў. 

Паводле інфармацыі Shot, яшчэ траіх саўдзельнікаў яны завербавалі ў СІЗА. Сярод іх — 22-гадовы фігурант справы аб вырабе і незаконным захоўванні выбухоўкі. 

Захопнікі паведамілі пра свае патрабаванні: ім патрэбныя машына, зброя і магчымасць з'ехаць з ізалятара.

Праваабаронца Ева Меркачова апазнала ў адным з захопленых у Растоўскім СІЗА-1 начальніка аператыўнага ўпраўлення ГУФСІН па Растоўскай вобласці Аляксандра Богму. «Незразумела, што ён рабіў у СІЗА ў нядзелю. Нагадаю, што ў выходныя зняволеных у суды і на следчыя дзеянні не вывозяць, да адваката і на спатканні таксама», — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.

Яшчэ адзін з захопленых у Растове закладнікаў — 23-гадовы Віктар Канчакоў, працаваў у Растоўскім СІЗА на пасадзе малодшага інспектара дзяжурнай змены. 

Праваахоўныя органы правераць версію каардынацыі захопу закладнікаў у СІЗА звонку, сцвярджае ТАСС. Як піша Baza, «куратары» перадалі захопнікам у ізалятар зброю, сцягі забароненай у Расіі тэрарыстычнай арганізацыі ІДІЛ і сродкі сувязі.

Цяпер закладнікі, паводле тэлеграм-каналаў, вызваленыя. Спачатку каналы пісалі пра двух забітых зняволеных, якія бралі закладнікаў, але потым паведамілі, што яны ўсе забітыя. 

«Людзі настроеныя сур'ёзна. Пачуйце іх». У Растове затрыманыя ўзялі ў закладнікі супрацоўнікаў СІЗА

«ПВК Вагнер» завербавала на вайну ва Украіне ў калоніях 48 тысяч зняволеных. З іх пад Бахмутам загінулі не менш за 17 тысяч

«Распілоўваць цынкавую труну балгаркай — занятак не для слабанервовых». Аповед афіцэра, які суправаджаў «груз 200» па Расіі

Nashaniva.com