Чым любіў паласавацца Васіль Быкаў? Любімы рэцэпт пісьменніка
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі, што на Віцебшчыне. Пазней, будучы вядомым пісьменнікам, ён час ад часу наведваў родную вёску. «Будзьма» распавядае, як праводзіў час і чым любіў паласавацца творца на вёсцы, і гатуе разам любімую страву пісьменніка.
15.06.2024 / 13:09
Прыязджаў на дзень-два, любіў хадзіць на возера
Антаніна Быкава — жонка малодшага з братоў-Быкавых Мікалая ў 2013 годзе ў адным з інтэрв’ю ўзгадвала, як Васіль Быкаў праводзіў свой час, калі яму ўдавалася на пару дзён прыехаць у родную вёску Бычкі, што на Віцебшчыне.
Антаніна Быкава
Пісьменнік заўсёды прывозіў падарункі, пляменнікам — цацкі. Ледзь не пастаянным рытуалам для яго была прагулка да мясцовага возера. Але затрымліваўся на малой Радзіме пісьменнік нядоўга, як адзначае Антаніна Быкава: «Начаваў у асноўным у нашым доме. Ніколі ў Бычках не затрымліваўся. Дзень-два пабудзе і з’язджае. У яго заўсёды не хапала часу».
Сваячка Васіля Быкава адзначала, што калі літаратар быў у Мінску, то заўсёды дасылаў ліст на адрас вясковай крамы, дзе і працавала спадарыня Антаніна: «Пішыце мне да запатрабавання, я ўжо ў Мінску». Яна адзначала, што жыла сям’я Быкавых небагата і Васіль у асноўным прыязджаў у Бычкі грамадскім транспартам: «Першая жонка была настаўніцай, і не ахці якую зарплату атрымлівала. А Васіль заўсёды ў раз’ездах. У яго грошы разыходзіліся. Машыны доўга не меў. Усё аўтобусам да нас прыязджаў. Калі з Гродна ў Мінск пераехаў, тады ўжо ў яго з’явіліся «Жыгулі»».
Звычайна пісьменнік прыязджаў летам, калі ў вёсцы шмат працы. Калі ў 1984 годзе Быкаву прысвоілі званне Герой сацыялістычнай працы, ён з пісьменнікамі прыязджаў у школу ў Кублічы, што ў кіламетрах трох-чатырох ад Бычкоў. Мясцовае кіраўніцтва з такой нагоды прапанавала арганізаваць банкет, але Быкаў адмовіўся: ««Не, хачу пабыць у коле родных». Мы ўсе тады сабраліся разам. Васіль шмат не піў — чарачку-дзве. Але я яго ні разу ў жыцці такім не бачыла, як у той раз! Ён усякую ўсячыну распавядаў, такія анекдоты! І ў такім настроі быў! А звычайна ў яго так атрымлівалася: у некалькіх словах распытае і тэлевізар глядзіць або газету чытае», — дзялілася ўспамінамі спадарыня Антаніна.
Клёцкі, вялікі дранік і амлет з печы
Спадарыня Антаніна ўзгадвае, што Васіль Быкаў раніцай у горадзе ніколі не снедаў, выключна піў каву. А ў Бычках заўсёды парушаў гэтую традыцыю: «Амлет на скварках — яго любімая страва, — узгадвае сваячка пісьменніка. — Яшчэ клёцкі любіў. Увогуле, падабалася яму вясковая ежа, прыгатаваная ў печы. Часта паўтараў: «Ці то справа — печ, не дурань яе прыдумаў. Усё ў ёй смачнае!»».
Спадарыня Антаніна ўзгадвае, што пры жыцці маці Васіль асабліва не прывозіў гасцей. А аднойчы прывёз у госці ажно восем пісьменнікаў: «Прыйшоў да мяне: «Пакорміш нас?» — «Безумоўна». У вёсцы па-іншаму ніяк. Ды і лета на двары: свае агуркі, памідоры. Да таго ж і скварка была, і карова даілася», — распавядала сваячка Васіля Быкава.
Антаніна Аляксандраўна ўспамінала, што пісьменнік любіў паласавацца і вялікім дранікам. Ужо потым, пасля смерці Быкава, сваячка частавала такім дранікам і амлетам на скварках з печы замежных турыстаў, што наведвалі дом-музей у Бычках.
Дом-музей Васіля Быкава ў в. Бычкі
Як прыгатаваць амлет, які любіў Быкаў?
Гатуецца страва вельмі проста і хутка. Амлет атрымліваецца вельмі каларыйны, хіба таму Васіль Быкаў і дазваляў сабе такі сняданак толькі ў вёсцы.
Сала лепш выбіраць не надта тоўстае, з мяккай скуркай і мяснымі праслойкамі. Таксама спатрэбяцца яйкі, шклянка малака, соль і перац па смаку. Пры жаданні можна дадаць цыбулі і зеляніны.
Прадукты для прыгатавання амлету
Спачатку нарэзанае адвольна свіное сала абсмажваецца на сухой патэльні да залацістага колеру. У гэты час яно вылучае шмат тлушчу, на якім потым і гатуецца страва.
Да сала далучыць нарэзаную цыбулю і давесці таксама да залацістага колеру.
Яйкі разбіць у прыдатную ёмістасць і з дапамогай відэльца ўзбіць іх да стану аднароднай вадкасці, дадаўшы соль і перац па смаку.
Дадаць малака, яшчэ раз добра ўзбіць і выліць на патэльню.
Паставіць у печ, духавую шафу або гатаваць на пліце пад накрыўкай на невялікай тэмпературы каля 7 хвілін. Як выпарыцца вадкасць, амлет узыдзе і будзе гатовы.
Пры падачы страву можна пасыпаць пакрышанай зелянінай. Смачна есці!
Нам спатрэбіцца:
- Сала свіное — 100 грамаў
- Малако — 50 мілілітраў
- Яйка курынае — 3 штукі
- Цыбуля — 50 грамаў
- Соль, перац, зеляніна — па смаку
Топ-6 найлепшых экранізацый твораў Васіля Быкава
Як Лукашэнка чарговы раз дробна адпомсціў Быкаву
Паглядзіце, якія прыгожыя маркі выпусціла да 100-годдзя Васіля Быкава Рада БНР ФОТАФАКТ
Гарадзенцы звярнуліся ў гарвыканкам наконт помніка Быкаву, ім адказалі
«З добрай энергетыкай». У Гродне прадаецца кватэра, у якой жыў Васіль Быкаў