«Сказалі, што атэстат пасля школы не дадуць». Што будзе з выпускнікамі, якія атрымалі нуль за ЦЭ?

Пляменніца Алесі, чытачкі выдання «Анлайнер», сёлета скончыла 11 клас і збіралася паступаць у ВНУ на эканамічную спецыяльнасць (хутчэй за ўсё, на платнае). З матэматыкай справы ішлі не вельмі, але дзяўчына ўсё ж вырашыла здаваць гэты прадмет у якасці цэнтралізаванага экзамена. Вынік прыйшоў сумны — нуль балаў. Пазней сям'я высветліла, што з нулём дзяўчына не можа прэтэндаваць нават на атрыманне школьнага атэстата. «Анлайнер» разабраўся, ці так гэта сапраўды.

14.06.2024 / 22:52

Фота ілюстрацыйнае

Блізкія выпускніцы цяпер на эмоцыях: прыняць сітуацыю ім няпроста. Як запэўнівае Алеся, у цэлым пляменніца вучылася нядрэнна: сярэдні бал у школе — 7,4.

«Маці цяпер дакарае сябе, што яны вырашылі здаваць матэматыку. У дзіцяці і на рэпетыцыйным быў невялікі бал, але не нуль, вядома. Мы не ведаем, што там з ёй здарылася на экзамене, можа, перахвалявалася… За год па матэматыцы ў яе 5 балаў».

У сям'і сталі разбірацца, якія цяпер у дзяўчыны шанцы на паступленне. Пасля доўгіх высвятленняў дырэктарка школы паведаміла, што атэстат аб заканчэнні 11 класаў выпускніцы не дадуць — замест яго будзе даведка.

«Не атрымае атэстат з-за аднаго прадмета! — бядуе жанчына. — Усе, вядома, вельмі засмучаныя — дзіця пачало гаварыць, што не пойдзе на выпускны. Як мы высветлілі, цяпер яна можа ўзяць свой атэстат за 9 клас аб агульнай базавай адукацыі і ісці ў каледж з тымі, хто пасля 9-га паступае. Або чакаць наступнага года і пераздаваць ЦЭ».

«Тым, хто набірае нуль балаў, не выдаюць сертыфікат»

У Мінадукацыі ўжо дзяліліся вынікамі ЦЭ: па профільных прадметах нуль балаў атрымалі 64 чалавекі. З мовамі ўсё аказалася лепш: нулявых вынікаў не было.

Як набраныя на ЦЭ балы затым адлюстроўваюцца ў атэстаце? Як тлумачыцца на сайце ведамства, спачатку іх пераводзяць у 10-бальную адзнаку па спецыяльна распрацаваных шкалах. У атэстат за 11 клас выстаўляецца бал, які з'яўляецца сярэднім арыфметычным гадавой адзнакі па прадмеце і адзнакі за ЦЭ па 10-бальнай шкале. У выпадку пляменніцы Алесі — гэта 2,5.

Але ёсць нюанс: сертыфікат за нулявы вынік на экзамене дзяўчыне проста не выдадуць. Так патлумачылі «Анлайнеру» на гарачай лініі Міністэрства адукацыі. А калі няма сертыфіката, то і вылічыць сярэдняе арыфметычнае па прадмеце не атрымаецца. Выпускніцу (і яшчэ мінімум 63 чалавекі) сапраўды чакае даведка аб заканчэнні школы — атэстат за 11 клас яны не атрымаюць.

«З адзінкай сертыфікат выдаецца, а з нулём — не», — асобна падкрэслілі на гарачай лініі.

Спробу паступіць у ВНУ пляменніцы Алесі прыйдзецца адкласці да наступнага года. Для гэтага трэба звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі таго раёна, дзе навучэнец зарэгістраваны, і пераздаць ЦЭ, растлумачылі спецыялісты.

А сёлета можна паступіць у каледж на падставе агульнай базавай адукацыі (атэстата за 9 клас).

Сёння па ўсёй краіне пройдуць выпускныя. Адзначаць у рэстаранах, кафэ сёлета катэгарычна забаронена

Сем выпускнікоў Мазырскага абласнога ліцэя атрымалі 100 балаў на ЦЭ па матэматыцы

Мінадукацыі назвала вынікі другога ЦЭ

636 чалавек — на 100 балаў. Як беларускія выпускнікі здалі першы цэнтралізаваны экзамен

Nashaniva.com