Муж некалькі гадоў здраджваў жонцы і старанна выдаляў кампрамат з айфона. Але макбук усё захаваў
Муж-здраднік некалькі гадоў таемна карыстаўся паслугамі прастытутак і быў упэўнены, што выдатна вычышчае перапіскі з айфона. Але не ўлічыў сінхранізацыю паміж прыладамі Apple. Пасля выкрыцця з боку жонкі мужчына вырашыў судзіцца з кампаніяй за разбураны шлюб.
14.06.2024 / 15:27
Ілюстрацыйная выява. Фота: vecteezy
Мужчына па імені Рычард (імя зменена) падаў у суд на кампанію Apple за тое, што яго жонка даведалася аб яго шматлікіх здрадах праз сямейны макбук, які захоўваў усе выдаленыя перапіскі мужчыны з прастытуткамі на працягу некалькіх гадоў, піша выданне The Times.
Па словах мужчыны, той старанна вычышчаў увесь кампрамат з уласнага айфона, але не ведаў, што праз сінхранізацыю ўсё захоўвалася і на сямейным макбуку. Пры гэтым Рычард карыстаўся адным і тым жа ўліковым запісам што на айфоне, што на сямейным макбуку.
Перапіскі з прастытуткамі вяліся праз iMessage. Калі жонка раптоўна пабачыла іх на макбуку, то адразу ж падала на развод і адсудзіла ў нявернага мужа больш за 6 мільёнаў даляраў. Менавіта гэтыя грошы цяпер Рычард хоча адсудзіць у Apple «за ненадзейнасць прылад і разбураны шлюб».
Мужчына лічыць, што «Apple павінна папярэджваць карыстальнікаў, што нават калі паведамленні будуць выдаленыя з айфонаў, то іх ўсё роўна можна прачытаць на іншых прыладах Apple пад тым жа ўліковым запісам».
Ён таксама выказаў намер зладзіць калектыўны іск супраць кампаніі, бо хоча прыцягнуць на свой бок іншых людзей, якія апынуліся ў аналагічнай сітуацыі.
«Заплаціла мужу, каб даў развод». Дзіўныя гісторыі расставанняў
«Я ўтрымлівала сваіх мужчын». Гісторыя беларускай прадзюсаркі пра грошы і каханне