У Албаніі скандал з-за Еўра-2024: дэпутаты масава паехалі ў Германію на футбол і сарвалі працу парламента
Апазіцыя назвала гэта ганьбай.
13.06.2024 / 23:20
Лагатып: УЕФА
Праца албанскага парламента аказалася паралізаваная пасля таго, як большая частка дэпутатаў ад кіроўнай партыі адправілася ў Германію глядзець матчы чэмпіянату Еўропы па футболе.
Пленарнае пасяджэнне Кувенда (так завецца албанскі парламент), у які ўваходзяць 140 дэпутатаў, было перанесена з чацвярга на сераду, пасля чаго вялікая група народных выбраннікаў паехала на футбол падтрымаць зборную Албаніі. Многія дэпутаты едуць у Германію на асабістых аўтамабілях, таму дарога зойме больш за суткі, піша AS.
15 чэрвеня ў Дортмундзе албанцы, якія ўдзельнічаюць у топ-турніры толькі другі раз у гісторыі, згуляюць са зборнай Італіі. Як чакаецца, на хатнім стадыёне «Барусіі» збяруцца каля 50 тысяч албанцаў. Сярод іх будуць і многія дэпутаты парламента. Больш за тое, заканадаўцы плануюць застацца і на астатнія матчы групавога этапу з удзелам зборнай Албаніі: 19 чэрвеня каманда згуляе з харватамі ў Гамбургу, 24 чэрвеня — з іспанцамі ў Дзюсельдорфе.
Па гэтай прычыне парламент Албаніі не будзе працаваць 10 дзён, а пленарнае пасяджэнне на наступным тыдні не адбудзецца. Гэта выклікала палітычны скандал і абурэнні з боку апазіцыі. Лідар Дэмакратычнай партыі Газмент Бардзі звярнуўся па тлумачэнні да прэм'ера Эдзі Рамы.
«Вы ставіцеся да парламента, як да свайго асабістага клуба. Вы павінны растлумачыць, па якой прычыне вы ў аднабаковым парадку, не раячыся з апазіцыяй, перанеслі пасяджэнне з чацвярга на сераду. Калі прычынай стала паездка на Еўра, то гэта сапраўды ганебны ўчынак», — гаворыцца ў запыце.
Большасць у Кувендзе цяпер у Сацыялістычнай партыі Эдзі Рамы — яна кантралюе 72 месцы з 140.
Чэмпіянат Еўропы па футболе стартуе 14 чэрвеня матчам паміж Германіяй і Шатландыяй. Фінал турніру пройдзе 14 ліпеня.
Канал СТБ нечакана паведаміў, што пакажа ўсе матчы чэмпіянату Еўропы па футболе
Германія ўвяла кантроль на мяжы на час чэмпіянату Еўропы па футболе