На гарадзішчы на Менцы разбіраюць зрубы X стагоддзя

Абарончыя канструкцыі старажытнага горада перададуць кампаніі, якая гандлюе мораным дубам. 

12.06.2024 / 21:35

Разборка канструкцый клецяў, выяўленых пры раскопках вала Вялікага гарадзішча. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Пра гэта паведамляе Інстытут гісторыі НАН Беларусі. 

Працы на археалагічным комплексе на рацэ Менка, што ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна, пачалі летась, каб пацвердзіць гіпотэзу, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Менск.

Маштабныя раскопкі, арганізаваныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, былі падтрыманыя на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. Асаблівую ўвагу даследаванню комплексу ІХ—ХІ стагоддзяў надаваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, вядомы аматар гісторыі і калекцыянер.

Папярэднія маштабныя работы на Менцы праводзіліся ў 1975-1983 гады археолагам Георгіем Штыхавым, які выявіў каля падножжа вала так званага Вялікага гарадзішча дубовыя зрубы — клеці, а ў самім вале некалькі ўзроўняў пагарэлых драўляных канструкцый. У выніку праведзеных даследаванняў Штыхаў прыйшоў да высновы, што паселішча з'яўлялася першапачатковым месцам размяшчэння старажытнага Менска.

Археалагічныя раскопкі вала ў 2023 годзе. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Валы Вялікага гарадзішча былі збудаваны ў пачатку XI стагоддзя і на працягу гэтага стагоддзя некалькі разоў перабудоўваліся. Паселішча прыйшло ў заняпад у сярэдзіне ці бліжэй да канца стагоддзя, тады горад быў перанесены на новае месца, на Свіслач.

Новыя маштабныя раскопкі на археалагічным комплексе, праведзеныя летась, таксама закранулі валы. Побач з прарэзкай вала ў паўночнай частцы Вялікага гарадзішча, зробленай Штыхавам, была зроблена новая прарэзка даўжынёй больш за 25 м і шырынёй больш за 30 м. Глыбіня раскопу склала 8 метраў.

Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Як адзначаюць самі навукоўцы, работы такога маштабу па вывучэнні абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ніколі не праводзіліся.

У часе раскопак вала былі выяўлены драўляныя канструкцыі, з якіх былі ўзятыя ўзоры для правядзення радыевугляроднага і дэндрахраналагічнага аналізу.

Было выяўлена ядро першапачатковага вала, а таксама зафіксаваны прынамсі тры яго падсыпкі, у выніку якіх вал дасягнуў шырыні каля 30 м. Верхняя частка вала, як удалося высветліць, насыпана з грунту з уключэннямі культурнага слоя XI — пачатку ХII стагоддзя.

Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Выяўлены таксама каменныя канструкцыі, прызначаныя для ўмацавання вала.

Аснову ядра ж вала складалі парныя драўляныя зрубныя клеці, злучаныя ў ланцужок па перыметры вала. Паўночная частка клецяў з'яўлялася вонкавай вертыкальнай сцяной драўляна-земляных умацаванняў.

Побач з клецямі і непасрэдна ў іх знойдзены археалагічныя артэфакты, як то срэбныя арабскія манеты дырхамы, кубічная гірка, нож, наканечнікі стрэл, бронзавыя гузікі, жаночыя аздабленні з каляровых металаў, якія датуюцца Х — першай паловай XI стст. 

Падобная канструкцыя вала з клецямі ўнутры з'яўляецца тыповай для паўднёварускіх гарадоў Х—XI стст. З боку пляцоўкі гарадзішча, побач з валам былі выяўлены сляды жытла з разбуранай печчу-каменкай, матэрыялы ў якім могуць датавацца другой паловай XI ст.

Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Ва ўсходняй частцы вала быў зафіксаваны драўляны насціл-маставая, які перпендыкулярна праразаў вал. Праезд з насцілам зверху перакрываў клеці і, мабыць, быў створаны ў час існавання феадальнай сядзібы.

У час археалагічных даследаванняў драўляных клецяў выканана фотафіксацыя і аблічбоўка канструкцый з мэтах вывучэння іх структуры і стварэння макетаў.

Кансервацыя раскопа на зіму ў лістападзе 2023 года. Фота: тэлеграм-канал гістарычнага факультэта БДУ 

У лістападзе 2023 года навукова-археалагічныя даследаванні на аб'екце былі завершаныя, драўляныя канструкцыі часова закансерваваныя, а сам раскоп часткова засыпаны, каб вярнуцца да яго ў больш спрыяльны летні перыяд. Асаблівая ўвага надаецца драўляным зрубам, якія сёння разбіраюць для кансервацыі археалагічнай драўніны.

Да работ падключылі гомельскую кампанію «Транс-цэнтр», якая з 1998 года займаецца здабычай і апрацоўкай у Беларусі рэліктавага моранага дубу, узрост якога можа складаць звыш 6000 гадоў. «Транс-цэнтр» мусіць закансерваваць драўляныя канструкцыі, выяўленыя ў вале на Менцы. 

Кансервацыя драўніны будзе праходзіць у некалькі этапаў, якія ўключаюць папярэднюю апрацоўку, сушку і правядзенне ўласная кансервацыйных работ. Работы зоймуць некалькі месяцаў.

Зруб X стагоддзя. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Археалагічны комплекс на Менцы ўлады хочуць ператварыць у важны турыстычны цэнтр і новы брэнд краіны, пасля таго як большая частка беларускай гісторыі аказалася «нязручнай» для дзяржаўнай ідэалогіі.

У гэтым годзе працягнецца археалагічнае вывучэнне селішчаў і абарончых валоў на Вялікім і Малым гарадзішчах на Менцы. На аснове атрыманых звестак плануюць аднавіць выгляд паселішча станам на ХІ стагоддзе — перыяд яго максімальнага росквіту. У натуральную велічыню хочуць рэканструяваць як часткі драўляных умацаванняў, так і жылыя ды гаспадарчыя пабудовы, ператварыўшы месца ў скансен.

Інстытут гісторыі праводзіць падводныя археалагічныя даследаванні на Бярэзіне. Шукаюць скарб Напалеона

«Малая брама будзе вельмі цікавай і адэкватнай». Археолагі падводзяць вынікі сёлетніх раскопак на Крэўскім замку і строяць планы на наступны сезон

Пры раскопках гарадзішча на Менцы знайшлі драўляныя канструкцыі, якім можа быць больш за тысячу гадоў

«Немагчыма паставіць вартаўніка ля кожнага помніка». Археолаг расказаў пра нечаканыя знаходкі і праблему чорных капачоў

Nashaniva.com