Грамадзянін Францыі памёр ад абязводжвання ў ваколіцах Байканура

Паводле адной версіі, яны спрабавалі прабрацца на касмадром, паводле другой, фатаграфаваліся ў стэпе. Тым часам на Байкануры +36 градусаў.

11.06.2024 / 11:48

Фота: vestikavkaza.ru

«Двое грамадзян Францыі спрабавалі трапіць на тэрыторыю касмадрома. Яны абралі «класічны» шлях — выйшлі на трасе і накіраваліся да высокіх будынкаў у стэпе. Па дарозе аднаму стала блага», — распавёў суразмоўца агенцтва РІА «Навіны».

Паводле яго слоў, другі француз пабег назад да трасы, каб паклікаць на дапамогу, аднак яго сябар у гэты час ужо памёр ад абязводжвання.

Касмадром Байканур, які Расія арандуе да 2050 года, размешчаны на тэрыторыі Кызылардынскай вобласці. Паводле даных сэрвісу world-weather.ru, напярэдадні на Байкануры тэмпература паветра складала +36 градусаў.

Як піша блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «112», загінулы француз і яго сябар — турысты-экстрэмалы, якія хацелі паглядзець на савецкі касмічны шатл «Буран» (на Байкануры захоўваюцца другі экземпляр і яго габарытны макет).

На Байканур не раз спрабавалі нелегальна пракрасціся турысты, у тым ліку беларусы. У выпадку затрымання ім выпісваюць адміністрацыйныя штрафы.

Разам з тым ТАСС са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах піша, што французы не спрабавалі трапіць на касмадром, а проста фатаграфаваліся ў стэпе.

«Яны фатаграфавалі будынкі ў стэпе, але аднаму з іх стала дрэнна, а другі турыст пайшоў прасіць дапамогу на КПП, аднак дапамагчы не паспелі», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Год таму была падарваная Кахоўская ГЭС. Што цяпер адбываецца на гэтых тэрыторыях ва Украіне і якая будучыня іх чакае? 

У найбліжэйшыя дні Беларусь накрые пустынны пыл з Цэнтральнай Азіі

Напой з тысячагадовай гісторыяй. Як і дзе на беларускай зямлі лячылі кумысам?

Nashaniva.com