Стала вядома, хто той «нармальны беларус», які набыў былы «Макдональдс» у Беларусі

У сеткі рэстаранаў хуткага харчавання Mak.by — новы ўладальнік. Ім стала кампанія «Кволіці Фуд», якая належыць бізнэсоўцу з малочнай галіны. Пра змену ўласніка сведчаць звесткі адзінага дзяржрэгістратара юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, заўважыла «Люстэрка».

10.06.2024 / 23:12

Аляксей Саўчук. Фота: «Трыбуна»

У Беларусі працу сеткі Mak.by курыруе «КСБ Віктары Рэстараны», якая была франшызай McDonald's. З канца мінулага тыдня ўласнікам «КСБ Віктары Рэстараны» стала «Кволіці Фуд».

Гэтая кампанія была зарэгістраваная год таму, сферай яе дзейнасці значыцца дзейнасць рэстаранаў. 90% акцый «Кволіці Фуд» належаць бізнэсмену Аляксею Саўчуку, а 10% — дырэктарцы Mak.by Вікторыі Данько.

Раней «КСБ Віктары Рэстараны» належалі «КСБ Віктары Рэстарантс ПТЕ. ЛТД» з юрысдыкцыяй у Сінгапуры, кампаніяй праз свае юрыдычныя асобы валодалі бізнэсмен з Казахстана Кайрат Баранбаев і Вікторыя Данько.

Да актываў Аляксея Саўчука адносяць «Малочныя горкі», Exponenta, «Белсыр», Маладзечанскі мясакамбінат «Акдымол» і Кіраўскі харчовы камбінат. Бізнэсмен таксама інвестуе ў малакаперапрацоўчую галіну Расіі.

Ён уклаўся ў Трубчэўскі і Актанышскі малочныя камбінаты ў Бранскай вобласці і Татарстане адпаведна, набыў у Белгародскай вобласці вытворчую пляцоўку і стварыў кампанію «Ровеньскі сырароб». Год таму Аляксей Саўчук стаў суінвестарам у яшчэ адну вытворчую пляцоўку ў Расіі — у Кукморскі малочны камбінат.

Таксама Аляксей Саўчук у 2017 годзе быў абраны кіраўніком спартыўнай федэрацыі панкратыёна і баявых мастацтваў.

У студзені гэтага года Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з'явіўся прыватнік, які гатовы купіць рэстараны экс-Mcdonald's. «Нармальны беларус, у якога ёсць уласнасць, гатовы развіваць гэтую сетку», — заявіў ён. 

Запрацаваў рэстаран на колах «Мак.бай» ФОТАФАКТ

На МАЗе стварылі фудтрак для Мak.by, каб ездзіць па Дажынках

«Мы не ўмеем, мы не можам, ах і ох…!» Як Лукашэнка, Эйсмант і Снапкоў прыдумлялі меню для новага «Макдональдса» і вучылі пячы булачкі

Ці нацыяналізуюць улады былы Макдональдс?

Nashaniva.com