Беларусы з квіткамі з Вільні не маглі з'ехаць дадому праз чэргі на мяжы
Пра вельмі няпростую сітуацыю, у якой апынуліся тыя, хто ў выхадныя спрабаваў вярнуцца з Літвы ў Беларусь, расказалі чытачы Onliner. Нават з загадзя набытымі білетамі на аўтобусы не было ніякіх шанцаў прытрымлівацца запланаванага раскладу. Аўтобусы з'язджалі са сталіцы Літвы з вялікім спазненнем, бо, як кажуць, з такім жа вялікім спазненнем прыязджалі ў Вільню. І ўсё з-за чэргаў на мяжы.
10.06.2024 / 13:48
Вільня — Мінск. Білеты на 18:15
Таццяна вярталася дадому ў суботу, 8 чэрвеня, прыляцеўшы з сям'ёй у аэрапорт Вільнюса. У іх былі білеты на аўтобус Intercars з адпраўленнем з Вільні ў 18:15. Баяліся спазніцца, узялі таксі ад аэрапорта.
— Прыязджаем да месца адпраўлення аўтобуса, яго перанеслі далей ад аэрапорта з-за рамонту на плошчы. І бачым такую карціну: шмат людзей, хто стаяў, хто сядзеў, хто ляжаў на траве. Аўтобусаў няма, усе чакаюць. Дачка налічыла больш за 80 чалавек. Пагаварылі з людзьмі, аказалася, што тыя аўтобусы, якія гэтым вечарам павінны былі з'язджаць з Вільнюса, яшчэ стаяць на мяжы ў напрамку Літвы. Нам сказалі, што, напрыклад, аўтобус, які мусіў з Вільні з'язджаць а 16-й гадзіне, яшчэ нават не праехаў за шлагбаум на беларускай мяжы. Уявіце, колькі ён даехаў да Вільні? - распавяла карэспандэнту Onlíner чытачка.
Самае няпростае ў такой сітуацыі — нявызначанасць. Што рабіць, колькі чакаць, ці будзе падменны аўтобус ці трэба планаваць начлег?
— Ад Intercars — ніякай інфармацыі. А я ў роўмінгу — асабліва нікуды не патэлефануеш. У выніку я пісала маме ў Мінск, мама па тэлефоне датэлефаноўвалася ў Intercars і спрабавала дамагчыся нейкай інфармацыі. Так нам паведамілі, што аўтобус спазняецца з-за сітуацыі на мяжы, і спазняецца моцна. І што рабіць? Мы з дзіцём, які хоча то есць, то піць, то ў туалет, вечарэе, халадае, - працягвае Таццяна.
Вільня — Мінск. Білеты на 20:00
Ацаніўшы сітуацыю, сям'я вырашыла зрабіць спробу з'ехаць на аўтобусе іншай кампаніі.
— Праз інтэрнэт мы купілі квіткі на найбліжэйшы аўтобус — гэта быў Ecolines, адпраўленне з Вільні ў 20:00, - кажа Таццяна.
Вось так спакойна купіць тры білеты на аўтобус да Мінска за пару гадзін да адпраўлення з Вільнюса — дасведчаныя людзі адразу адчулі падвох. Канешне ж, аўтобус таксама затрымліваўся надоўга. Прычына тая ж — чэргі на мяжы.
— Здавалася б, літоўскі перавозчык, і маглі б падаць іншы аўтобус, але не. Усё тое самае. Але трэба адзначыць, што Ecolines хаця б трымаў сваіх пасажыраў у курсе таго, што адбываецца. Мы атрымалі спачатку sms-паведамленне аб тым, што аўтобус затрымліваецца, а затым яшчэ адно апавяшчэнне аб арыентыровачным часе адпраўлення — 00:15, - адзначыла жанчына.
Прасядзець да глыбокай ночы ў Вільні, з дзіцём і рэчамі, без гарантыі, што адпраўленне не ссунецца зноў, — не найлепшая перспектыва.
Вільня — Гомель. 21:00
— Людзі ўсе ў разгубленасці: што рабіць? Хутка ноч, а ўсе проста на траве… Аэрапорт далёка, ды і калі ісці ў гатэль, то на колькі? - працягвае Таццяна.
Спрабуючы выблытацца з сітуацыі, сям'я з'ехала на аўтавакзал шукаць шчасця. Там яны ўбачылі аўтобус «Вільня — Гомель» з адпраўленнем у 21:00. Месцы былі, хоць білеты аказаліся даражэйшымі, чым на прамыя рэйсы да Мінска. Але ў той момант гэта не мела значэння.
— Проста шчасце, што мы змаглі з'ехаць на тым аўтобусе, таму што вакол быў нейкі хаос. Разгубленыя людзі, хтосьці таксама з дзецьмі, хтосьці спазняецца ў Мінск на самалёт, - кажа суразмоўніца. — З намі ў гэтым аўтобусе сядзеў пасажыр, які спазняўся ў аэрапорт, і ў яго гэта быў ужо чацвёрты білет на аўтобус тым вечарам. Спадзяюся, ён паспеў на свой вылет.
Мінск. Бліжэй да 03:00
У Мінску Таццяна з роднымі была бліжэй да 3 гадзін ночы. І гэта нядрэнны варыянт з улікам абставін.
— Што цікава: мяжу мы прайшлі вельмі хутка, на выезд ніякай чаргі, можна сказаць, і не было. Дзякуй вадзіцелям, нашым пагранічнікам і супрацоўнікам мытні. А вось у напрамку Вільні мы бачылі тую самую чаргу, яна была вялікай, - працягвае чытачка. - У перавозчыкаў, атрымліваецца, замкнёнае кола: аўтобусы стаяць па 10 гадзін на мяжы, час прыбыцця ў Вільню затрымліваецца, адпаведна, час адпраўленне назад — таксама. А замену аўтобусаў перавозчыкі не робяць.
Таццяна накіравала ліст у Intercars з просьбай вярнуць грошы за квіткі. Адказу яна пакуль не атрымала.
У журналістаў таксама да моманту публікацыі не выйшла звязацца з кампаніяй — тэлефоны занятыя. Яны накіравалі запыт на электронную пошту з просьбай пракаментаваць сітуацыю.
Інфармацыя Дзяржпагранкамітэта
Дзяржпагранкамітэт сёння раніцай паведаміў, што напружаная сітуацыя на граніцы захоўваецца. У першую чаргу гэта датычыцца грузавога транспарту, але не ў меншай ступені — легкавых аўто і аўтобусаў.
— Істотная колькасць легкавога транспарту фіксуецца перад польскім пунктам пропуску «Тарэспаль» («Брэст») — 250 аўто. Перад літоўскімі пагранпераходамі «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі») уезду чакаюць 130 і 70 легкавушак адпаведна. Па стане на 10:00 перад польскім «Тарэспалем» («Брэст») фіксуецца 50 аўтобусаў, - адзначылі ў ДПК.
Забойства жаўнера Польшча не выбачыць. Лукашэнка правакуе сур'ёзны канфлікт
Беларусам даводзіцца начаваць на вуліцы, каб падацца на міжнародную абарону — хто вінаваты?
Ці выгадна цяпер ездзіць на закупы ў Польшчу і Літву?