У расійскім Кемераве сутыкнуліся два трамваі: траўмы атрымалі 90 чалавек

Паводле папярэдніх звестак, у аднаго з іх перасталі дзейнічаць тармазы. Людзі выпадалі з трамвая ў час руху. Трамвай быў беларускім.

06.06.2024 / 07:30

Фота: пракуратура Кемерава

У выніку сутыкнення двух трамваяў на Логавай шашы ў расійскім Кемераве пацярпелі 90 чалавек, 67 чалавек шпіталізаваныя, заявіў кіраўнік горада Дзмітрый Анісімаў у тэлеграм-канале. Пазней стала вядома, што ў бальніцы памёр адзін чалавек.

«У гарадскую бальніцу № 3 даставілі 40 пацярпелых, трое знаходзяцца ў цяжкім стане», — сказаў Анісімаў.

У сеціве з'явілася відэа, на якім бачна, як трамвай на вялікай хуткасці ўваходзіць у паварот, у яго адчыненыя дзверы і з салона, падобна, вылятаюць некалькі чалавек.

Акрамя шпіталізаваных, у траўмапункт пасля ДТЗ самастойна звярнуліся 10 чалавек. Для ліквідацыі наступстваў аварыі створаны аператыўны штаб, які ўзначаліў Анісімаў, піша РБК.

Прычыну аварыі высвятляюць следчыя, дадаў мэр. З-за блакавання руху ў раёне ДТЗ улады арганізавалі бясплатныя маршруты, а для сваякоў пацярпелых адкрылі гарачую лінію.

У Мінску чалавек ехаў трамваем, прычапіўшыся да яго ззаду ВІДЭА

У Мінску запусцілі «трамвай у Пакістан»

Беларускія аўтобусы гараць з-за санкцый і няякаснай зборкі

Nashaniva.com