«Старшыня КДБ казаў, што заходнія паслы ставяць на мяне як на будучага кіраўніка краіны» — Латушка пра час працы міністрам

Латушка расказаў, чаму пісаў заяву на звальненне з МЗС і аб чым яго папярэджваў старшыня КДБ.

05.06.2024 / 13:44

Павел Латушка. Скрын відэа: radio-svaboda / YouTube

У праграме Віталя Цыганкова «Сведкі Лукашэнкі» на «Радыё Свабода» падзяліўся некаторымі ўспамінамі Павел Латушка, у мінулым прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў (2000-2002), пасол у Польшчы (2002-2008) і Францыі (2012-2019), міністр культуры (2009-2012).

Латушка згадвае, што ў пачатку сваёй працы на пасадзе прэс-сакратара МЗС у яго адбыўся канфлікт з прэс-сакратаром Лукашэнкі Мікалаем Барысевічам з-за выкарыстання беларускай мовы.

«Мне проста забаранілі. … Ён проста крычаў і казаў, што я не маю права праводзіць брыфінгі на беларускай мове, бо замежныя журналісты не зразумеюць. Я яму сказаў, што ўсё залежыць ад таго, якая інфармацыя. Калі яна будзе цікавая, то зразумеюць і перакладуць», — згадвае Латушка.

Палітык дадае, што з-за гэтага напісаў заяву аб звальненні на імя тагачаснага міністра замежных справаў Беларусі Урала Латыпава.

«Я паклаў на стол Латыпава заяву. Ён яе забраў. Гэта было позна вечарам. У восем гадзін наступнага ранку ён мяне выклікаў, аддаў заяву і сказаў: «Вы разумееце, кім вы былі ўзгоднены на гэтую пасаду? Вы разумееце, што з вамі станецца пасля?» І я моўчкі забраў гэтую заяву», — расказвае падрабязнасці Латушка.

Акрамя гэтага, палітык згадвае, што падчас працы міністрам культуры актыўна «змагаўся за беларускае слова» і падтрымліваў розныя культурныя ініцыятывы.

«Да мяне прыходзіў начальнік контрразведкі КДБ, мне казаў старшыня КДБ [Вадзім] Зайцаў: «Мы ж ведаем, на каго ставяць заходнія паслы як на будучага кіраўніка». Але, прабачце, я не займаюся палітычнай кампаніяй», —

згадвае Латушка і адзначае, што не ведае, наколькі словы старшыні КДБ былі праўдай.

«Я ніколі не пытаўся. … І мне ніхто на вуха не шаптаў», — дадае з усмешкай палітык.

Латушка пра групу беларускіх дыверсантаў, закінутых у Еўрасаюз: Мэтай можа быць ліквідацыя як мяне, так і Сахашчыка

Увечары ў кватэрах кандыдатаў у КР ад блоку Латушкі і Руху «За свабоду» прайшлі ператрусы

Латушка расказаў, як забараняў рэперу Сярогу выступаць, калі быў міністрам культуры

Nashaniva.com