56-гадоваму айцішніку з Мінска пагражае да 12 гадоў калоніі за данаты
Мінімальны прысуд, які яму могуць даць — восем гадоў.
06.06.2024 / 11:07
Анатоль Валадзько. Фота «Кіберпартызанаў»
Анатолю Валадзько 56 гадоў. Ён мінчук. У мужчыны ёсць жонка, паўналетняя дачка і сын, якому неўзабаве споўніцца васямнаццаць гадоў.
Больш за 20 гадоў Валадзько адпрацаваў праграмістам у кампаніі «Топ Софт». Яна займаецца стварэннем экасістэмы прадуктаў «Галактыка», патрэбнай для лічбавізацыі бізнэсу. Цэнтральны офіс фірмы знаходзіцца ў Расіі, частку часу Анатоль прапрацаваў там.
Дакладная дата затрымання мужчыны невядомая, але, імаверна, гэта 15 або 16 студзеня 2024 года. Бо 17 студзеня яго разам з жонкай асудзілі за «дробнае хуліганства» — яго на 15 сутак, прысуд жонцы невядомы. Згодна з паказаннямі сілавікоў, Анатоль Валадзько «знаходзіўся ў грамадскім месцы і з хуліганскіх памкненняў гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі і паводзіў сябе агрэсіўна».
Мужчына віну не прызнаў і сказаў, што пасярод дня яго затрымалі ва ўласнай хаце. Нічога з таго, пра што казалі сведкі, ён не рабіў.
А 6 чэрвеня над ім пачаўся суд у Мінскім гарадскім судзе, але ўжо па крымінальнай справе. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 1 арт. 290-1 КК) і «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання» (састарэлы арт. 361-2).
Анатолю пагражае ад васьмі да дванаццаці гадоў калоніі.
Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка
Маладую менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»
Я ахвяраваў у фонды. Як зразумець, што я ў небяспецы?