Певень ці пятух, валошка ці васілёк, ровар ці веласіпед, шашок ці тхор? І сотні іншых цікавых прыкладаў

«Як гавораць беларусы» — невялікае па аб’ёме выданне, якое расказвае пра дыялектныя асновы мовы, найярчэйшыя асаблівасці гаворак Беларусі і тое, як людзі гавораць тут і цяпер, піша Зося Лугавая.

03.06.2024 / 19:56

«…з якога боку ні разглядай беларускую мову, заўсёды знойдзецца нешта адметнае і своеасаблівае, што не дазволіць засумнявацца ў даўнасці яе ўзнікнення і працягласці існавання» — такім рэзюмэ сканчае кнігу аўтар. А я з гэтага пачну. 

«Як гавораць беларусы» — невялікае па аб’ёме выданне, якое расказвае пра адметныя рысы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, яе дыялектныя асновы і найярчэйшыя асаблівасці гаворак Беларусі. Варта, аднак, усведамляць, што кніга прызначаная для шырокага кола чытачоў, і адмыслоўцам тут усё і так будзе вядома. Але калі вам раптам трэба хуценька пераканацца (альбо пераканаць кагосьці), што беларуская — не амаль тое самае, што расейская, украінская ці польская, альбо — што можна казаць як ровар, так і веласіпед, і як валошка, так і васілёк, то гэтая кніга — тое, што трэба. 

Аўтар пачынае з базавых асаблівасцяў беларускай мовы ў параўнанні з расейскай і ўкраінскай. Унікальную літару ў, бадай, назаве кожны школьнік. Да яе дадаецца заўсёды цвёрды гук «р», а таксама дзеканне і цеканне.

Сярод цікавых для мяне фактаў было тое, што татары, якія пачалі сяліцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі з XIV стагоддзя, мелі ў сваім алфавіце адмысловыя сімвалы для перадачы мясцовых «дзь» і «ць». Яны ўласцівыя толькі беларускай арабіцы: у іншых мовах, якія карыстаюцца арабскім алфавітам, такіх літар няма.

Акрамя асаблівасцяў ёсць і супадзенні, але часцей яны тычацца беларускай і ўкраінскай моў. Так, у нашых мовах слова «дзверы» выключна множнага ліку, а ў расейскай такога абмежавання няма: могуць быць і «двери», і «дверь». Словы «шафа» і «шыпшына» ва ўкраінскай і беларускай жаночага роду, а «мазоль», «накіп» і «сабака» — мужчынскага. У рускай мове — наадварот. Тое ж адбываецца і на ўзроўні канструкцый. Ажаніцца з кім? Захварэць на што? Смяяцца з каго? Дзякаваць каму? Такія канструкцыі збліжаюць беларускую з украінскай, але адасабляюць яе ад расейскай мовы, дзе «женятся на ком-то», «болеют чем-то», «смеются над кем-то» и «благодарят кого-то». Але ёсць і канструкцыі, якія розняцца ва ўсіх трох мовах: напрыклад, «узяць пад увагу принять во внимание взяти до уваги»

Другі раздзел кнігі — пра дыялектную аснову беларускай мовы. Тут мне было цікава даведацца, што нарматыўнымі не заўсёды становяцца формы максімальна пашыраныя ў гаворках. Напрыклад, мужчынскі род слова «яблык» стаў нарматыўным пры тым, што ніякі род («яблыка») быў больш распаўсюджаным.

Часам аднолькава пашыранымі з’яўляюцца некалькі формаў і тады абедзве трапляюць у слоўнік. Так сталася з формамі валошка/васілёк, ровар/веласіпед, шашок/тхор. Бывае і так, што ў слоўнік трапляюць адны і тыя ж словы, але з розным націскам: доўгі/даўгі ці асенні/восеньскі

Але ёсць і пашыраныя ў гаворках словы, замест якіх у якасці нарматыўных былі абраныя іншыя формы. Чаму? Бо яны былі ў большай ступені падтрыманыя пісьменнікамі, журналістамі, навукоўцамі. У якасці прыкладу Вадзім Шклярык прыводзіць словы «зязюля», «качка» і «певень», якія сталі нарматыўнымі, замест «кукушка», «вутка», «пятух», што таксама пашыраныя ў гаворках.

Адно што мне, як простаму абывацелю, не хапіла тлумачэнняў: як усё ж тое ці іншае слова трапляе ў слоўнік? Як навукоўцы робяць выбар? Бо з тых прыкладаў, што прыводзіць аўтар, складваецца ўражанне, што адзінай сістэмы няма альбо яна — не відавочная. 

Самым цікавым аказаўся трэці раздзел — пра асаблівасці сучасных гаворак Беларусі. Бо тут можна прыгадаць, як гавораць у вашых родных мясцінах ці як кажуць сваякі і знаёмыя з іншых куткоў краіны. Я, напрыклад, пазнала «чобаты» і «куры́цу» маёй бабулі з поўначы і здзівілася заходнебеларускім «ганавіцам».

А ці ведаеце вы, як называюць у розных мясцінах буйныя цёмна-сінія ягады, шырока вядомыя як дурніцы? На поўначы і паўночным захадзе гэта п’яніцы (з націскам ці на першы, ці на другі склад), на паўднёвым захадзе гэты лахіны або лахачы (што нагадвае ўкраінскае слова лохина), у цэнтральнай частцы Беларусі — бугаі, а на паўднёвым усходзе — буякі. І гэтая апошняя форма трапіла ў слоўнікі разам з дурніцамі. 

Калі вы шмат карыстаецеся беларускай мовай, то напэўна не аднойчы сустракалі форму дзеясловаў «ямо» і «дамо» (і іх эквіваленты — «ядзім» і «дадзім»). Мне гэтыя формы, прызнаюся, таксама даспадобы, і час ад часу я іх ужываю.

Ілюстрацыі для выдання зрабіла выдатная мастачка Надзея Леановіч. Шмат хто, напэўна, бачыў ейныя яркія і запамінальныя карціны з менскімі будынкамі і вуліцамі. Для гэтага выдання Надзея намалявала пятнаццаць важных архітэктурных аб’ектаў — ад Сафійскага сабора ў Полацку і Фарнага касцёла ў Навагрудку да царквы ў Сынкавічах і сядзібы Плятэраў у Заполлі. 

Гэтая невялікая кніга падарыла мне прыемнае адчуванне беларускай мовы як вельмі жывога арганізма. Складанага, зменлівага, непаўторнага. Ёсць кнігі і слоўнікі, а ёсць жыццё. Усё яшчэ ёсць. І мы да яго спрычыняемся, калі штодзень гаворым па-беларуску. 

Дарэчы, калі ёсць жаданне крыху больш заглыбіцца ў тэму, то амаль на кожнай старонцы кнігі ёсць QR-коды са спасылкамі на карты з акадэмічных «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», за якія навукоўцы атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі, а таксама на вершы беларускіх класікаў як прыклады выкарыстання пэўных словаў. 

Вадзім Шклярык. «Як гавораць беларусы». Выдавецтва «Тэхналогія», 2024 год. Ілюстрацыі Надзеі Леановіч.

«Спампуйце. Што, б***ь?» Праўладная мастачка не зразумела беларускай мовы

Акадэмія навук збірае перадзамовы на дзве кнігі па гісторыі беларускай мовы

«Па-мясцоваму не магла, а па-беларуску «не выпендрывайся». Дачка Васіля Сёмухі расказала, як з дзяцінства купалася ў моры шматмоўнасці 

«Родная мова — мова майго роду і маёй краіны». Ці можа ў чалавека быць роднай тая мова, на якой ён не размаўляе?

Зося Лугавая