«Разгледзелі зварот з выездам на месца». Улады Гродна адказалі на пытанне, куды знікла шыльда ў гонар Касцюшкі

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт адказаў на калектыўны зварот з пытаннем, што здарылася з памятнай шыльдай у гонар Тадэвуша Касцюшкі і падзей паўстання 1794 года. 30 год яна правісела каля ўваходу ў Новы замак і знікла ў красавіку 2024 года, піша Hrodna.life.

30.05.2024 / 20:44

Уваход у Новы замак да таго, як знялі шыльду, прысвечаную паўстанню Касцюшкі. Крыніца: фэйсбук-старонка Васіля Герасімчыка

У канцы красавіка гродзенцы стварылі петыцыю на адрас гарадскіх уладаў з просьбай растлумачыць, куды і чаму знікла памятная шыльда, а таксама калі яе плануюць вярнуць на месца. Зварот падпісалі 83 чалавекі. Аўтары былі перакананыя, што дэмантаж дошкі негатыўна паўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна, абядняе нашую гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і гасціннасці Беларусі.

Гарадскія ўлады адказалі проста: «Гродзенскі гарвыканкам не мае звестак пра аб’ект, указаны ў звароце».

Пад адказам стаіць подпіс намесніцы старшыні гарвыканкама Зоі Кулешы. Паводле яе слоў, калектыўны зварот разглядалі нават з выездам на месца.

Аналагічны адказ — «гарвыканкам не мае звестак пра аб’ект» — быў атрыманы пасля знікнення ў Гродне ў жніўні 2023 года памятнага знака ў гонар паўстання 1863 года. Знак размяшчаўся на гродзенскім чыгуначным вакзале. Аўтаркай адказу на петыцыю тады таксама была Зоя Кулеша. Праўда, тым разам гарвыканкам на месца знікнення знака не выязджаў, а пазней высветлілася, што яго дэмантавалі супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Гродзенцы патрабуюць растлумачыць, куды знікла мемарыяльная дошка Тадэвуша Касцюшкі

У Гродне з Новага замка прыбралі мемарыяльную шыльду Касцюшкі

«Каліноўскі не герой Вялікай Айчыннай вайны». Чыноўнікі тлумачаць, чаму пераназвалі гімназію ў Свіслачы

Бондарава прысвоіла сабе знішчэнне знака ў гонар паўстання 1863 года і хоча замяніць Касцюшку на Сталіна

Nashaniva.com