Лаўроў: Перадача Кіеву F-16 будзе сігналам у ядзернай сферы
Разам з тым міністр замежных спраў Расіі лічыць, што пастаўкі амерыканскіх знішчальнікаў украінскай арміі, як і іншай ваеннай тэхнікі, нічога не зменяць на фронце.
30.05.2024 / 13:36
Знішчальнікі F16. Фота: Tsafrir Abayov / AP
Перадача Украіне самалётаў F-16 будзе разглядацца, як наўмысны сігнал у ядзернай сферы, заявіў у інтэрв'ю РІА Навіны кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
Паводле яго слоў, гэтыя Амерыканскія баявыя самалёты пэўны перыяд часу былі асноўным сродкам дастаўкі ў сумесных ядзерных місіях Паўночнаатлантычнага альянсу.
«Таму не можам не разглядаць пастаўку гэтых сістэм кіеўскаму рэжыму як наўмыснае сігнальнае дзеянне NATO ў ядзернай сферы», — растлумачыў расейскі міністр.
Пры гэтым Лаўроў адзначыў, што такімі дзеяннямі Злучаныя Штаты і краіны альянсу спрабуюць даць зразумець, што ва Украіне яны гатовыя на ўсё.
Пасля чаго дадаў, што пастаўкі амерыканскіх знішчальнікаў украінскай арміі, як і іншай ваеннай тэхнікі, нічога не зменяць на фронце.
«Гэтыя самалёты будуць знішчацца, як і іншыя віды ўзбраенняў, якія пастаўляюцца краінамі NATO ва Украіну», — запэўніў кіраўнік МЗС РФ.
Першыя ўкраінскія пілоты завяршылі навучанне працы на знішчальніках F-16 у ЗША
Швецыя перадасць Украіне два самалёты радыёлакацыйнай разведкі ASC 890. Што гэта за самалёты?
Большая частка дапамогі ад ЗША паступіць ва Украіну толькі летам