Першыя ўкраінскія пілоты завяршылі навучанне працы на знішчальніках F-16 у ЗША
Наступная група выпусціцца да канца лета.
30.05.2024 / 10:34
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Matt York
Першая група ўкраінскіх пілотаў завяршыла навучанне працы на знішчальніках F-16 на ваеннай базе ў Арызоне, і ўжо гэтым летам да іх далучацца іншыя.
«Выпусцілася першая група, іншыя скончаць падрыхтоўку тут да канца жніўня», — паведаміла «Голасу Амерыкі» прадстаўнік Нацыянальнай гвардыі Арызоны Эрын Ханіган.
Сярод выпускнікоў ёсць некалькі ўкраінскіх пілотаў, якія праходзілі падрыхтоўку на базе ВПС Нацыянальнай гвардыі Морыс у Тусоне, паведаміў на ўмовах ананімнасці федэральны чыноўнік.
У інтарэсах бяспекі пілотаў афіцыйныя асобы адмовіліся назваць дакладную колькасць выпускнікоў і колькасць тых, хто працягвае навучанне на F-16.
Дыслакаванае на базе Морыс 162-е авіякрыло лічыцца вядучым падраздзяленнем ВПС Нацыянальнай гвардыі па падрыхтоўцы пілотаў F-16.
На базе размешчана адзіная школа ВПС, дзе рабоце на знішчальніках навучаюцца пілоты з больш як 20 краін.
Кіеў папрасіў Захад даць яму самалёты пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.
У жніўні 2023 года прэзідэнт Джо Байдэн ухваліў план, паводле якога заходнія саюзнікі адправяць ва Украіну знішчальнікі F-16 пасля завяршэння падрыхтоўкі пілотаў.
У жніўні мінулага года Украіна набірала тэмпы ў супрацьстаянні з Расіяй, аднак пасля гэтага ў Кангрэсе адбылася шматмесячная затрымка з ухвалай новай вайсковай дапамогі Кіеву. На думку аналітыкаў, Расія скарысталася гэтым, каб дабіцца поспехаў на полі бою.
У красавіку прэмʼер-міністр Бельгіі Аляксандэр дэ Кроа заявіў, што абяцаныя яго краінай знішчальнікі будуць пастаўлены Кіеву да канца года.
Чаму Лукашэнка папракаў сваіх прапагандыстаў за тэму Украіны?
Трамп заявіў, што бамбіў бы Маскву, калі б Расія ўварвалася ва Украіну пры ягоным прэзідэнцтве
Краіны НАТА папрасілі Зяленскага не патрабаваць сяброўства Украіны ў альянсе