Анансаваная ChatGPT-5, якая можа несці пагрозу ўсяму чалавецтву
Не прайшло і месяца з выхаду нашумелай ChatGPT Omni, як ужо анансавалі і пачалі тэсціраваць «новую перадавую мадэль» ChatGPT-5. Гэтая мадэль можа стаць першым у свеце ўніверсальным штучным інтэлектам (УШІ), які, паводле ацэнак, будзе здольны вучыцца, разумець і прымаць рашэнні цалкам самастойна, а таксама можа захацець знішчыць людзей з прычыны іх непатрэбнасці.
29.05.2024 / 17:21
Ілюстрацыйная дэманстрацыя магчымасцей моўнай мадэлі 5-га пакалення ў параўнанні з папярэднімі версіямі, паказаная на нядаўняй канферэнцыі кампаній Microsoft і OpenAI. Фота: Microsoft
Кампанія OpenAI, распрацоўшчык сусветна вядомай нейрасеткі ChatGPT, учора абвясціла пра пачатак тэсціравання «новай перадавой мадэлі», якая наблізіць чалавецтва да стварэння першага ў свеце ўніверсальнага штучнага інтэлекту (Artificial General Intelligence / AGI, альбо УШІ) — наступнай стадыі эвалюцыі штучнага інтэлекту, якая значна перавысіць магчымасці людзей.
Гэтай перадавой мадэллю можа аказацца ChatGPT-5, невялікі анонс якой тыднем раней зрабіў гендырэктар OpenAI Сэм Альтман. Ён заявіў, што новая версія нейрасеткі «будзе функцыянаваць як віртуальны мозг» і будзе кардынальна адрознівацца ад папярэдніх версій.
Альтман таксама адзначыў, што новая версія можа атрымаць «асаблівую назву» замест стандартных серыйных назваў ChatGPT, перадае выданне Windows Central, адзін з афіцыйных рэсурсаў кампаніі Microsoft.
Характэрна, што яшчэ ў канцы мінулага года, па інфармацыі некалькіх крыніц агенцтва Reuters, кампанія OpenAI зрабіла «магутнае адкрыццё» ў развіцці штучнага інтэлекту, якое «нясе пагрозу для ўсяго чалавецтва».
Гаворка тады ішла пра закрыты эксперыментальны праект кампаніі пад нестандартнай для ChatGPT назвай Q* (Q-Star), які засведчыў значныя поспехі на шляху стварэння ўніверсальнага штучнага інтэлекту.
Актыўная распрацоўка гэтай перадавой мадэлі-правобразу УШІ магла стаць прычынай леташняга скандалу з часовым звальненнем Сэма Альтмана з пасады гендырэктара OpenAI.
Паводле крыніц, рада дырэктараў кампаніі тады была напалоханая адной са справаздач аб дасягненнях праекта Q-Star і была абураная тым, што Сэм Альтман распрацоўваў мадэль цішком і без поўнага інфармавання рады.
«Больш за ўсіх турбаваўся адзін з чальцоў рады дырэктараў OpenAI і ўраджэнец Расіі праграміст Ілля Суцкевер. Ён, у адрозненне ад Альтмана, выступае супраць камерцыялізацыі і імклівага развіцця штучнага інтэлекту, бо баіцца, што УШІ ў будучыні будзе абыходзіцца з людзьмі гэтак жа, як людзі абыходзяцца з жывёламі», — адзначыла тады выданне The Wall Street Journal са спасылкай на супрацоўнікаў OpenAI, знаёмых з сітуацыяй.
Але ў выніку скандал скончыўся тым, што Альтмана вярнулі на пасаду гендырэктара OpenAI, а Ілля Суцкевер, таксама стваральнік ChatGPT, быў звольнены.
Каманда Суцкевера па ацэнцы рызык развіцця магутных сістем ШІ, якая складалася ў тым ліку з незалежных экспертаў па кібербяспецы, была расфарміраваная. Замест яе Сэм Альтман стварыў новую каманду той жа накіраванасці, але складаецца яна выключна з супрацоўнікаў OpenAI і падначаленых Альтмана.
Сэм Альтман (злева) і Ілля Суцкевер (справа). Фота: Abigail Uzi / Tel Aviv University
Цяпер, паводле ўчорашняга паведамлення OpenAI аб пачатку тэсціравання новай перадавой мадэлі штучнага інтэлекту, кампаніі таксама неабходна 90 дзён на аналіз звязаных з мадэллю рызык. Гэтая працэдура павінна даць карысныя рэкамендацыі радзе дырэктараў перад выпускам прадукта.
Па інфармацыі розных крыніц, новая мадэль можа з'явіцца ўжо ў гэтым годзе.
Нагадаем, што яшчэ нядаўна OpenAI выпусціла абнаўленне ChatGPT пад назвай Omni, якая выклікала вакол сябе сапраўдны ажыятаж ва ўсім свеце.
Мадэль можа аналізаваць і апісваць усё вакол, пры гэтым размаўляючы з карыстальнікам у рэжыме рэальнага часу пры дапамозе камеры, а таксама размаўляць эмацыйна з выкарыстаннем розных інтанацый, валодаючы харызмай, іроніяй і гумарам.
Гэта далёка не поўны спіс функцый Omni. «Наша Ніва» раней асобна апісала магчымасці версіі і нават пратэсціравала некаторыя з іх.
Openal, Microsoft і Amazon дамовіліся абараняць чалавецтва ад магутных ШІ-сістэм
«Я шакаваная і злая». Скарлет Ёхансан абвінаваціла OpenAI у крадзяжы свайго голасу